Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман станоўча ацаніў рашэньне Дональда Трампа, які сваім указам прыпыніў на нявызначаны тэрмін прыём сырыйскіх уцекачоў у ЗША, а таксама на 120 дзён — прыём бежанцаў у цэлым.
У паведамленьні, зробленым прэс-сакратаром чэскага прэзыдэнта, сказана, што Мілаш Зэман «даўно выступае супраць прыёму мігрантаў-мусульман; яго прыярытэтам зьяўляецца бясьпека чэскіх грамадзян», і цяпер «ён здабыў саюзьніка ў Злучаных Штатах».
У пачатку мінулагодняга сьнежня Мілаш Зэман і Дональд Трамп мелі тэлефонную гутарку, і прэс-служба прэзыдэнта Чэхіі пасьля гэтага паведаміла, што Дональд Трамп неўзабаве пасьля інаўгурацыі наведае Чэхію, а Мілаш Зэман атрымаў запрашэньне ў Белы дом.
Паводле прэс-сакратара Зэмана, Трамп у размове падкрэсьліў, што Зэман быў «адзіным эўрапейскім прэзыдэнтам», які падтрымаў яго кандыдатуру яшчэ да выбараў прэзыдэнта ЗША.
У віншавальным пасланьні, якое адправіў Зэман Трампу адразу пасьля яго перамогі на выбарах, прэзыдэнт Чэхіі напісаў пра блізкасьць іх пазыцый па многіх пытаньнях і адзначыў, што яго самога называюць «чэскім Трампам».