Трамп і Пуцін дамовіліся пачаць падрыхтоўку да асабістай сустрэчы

Прэс-служба Крамля паведаміла, што бакі выказалі гатоўнасьць да сумеснай працы "па стабілізацыі і разьвіцьці" двухбаковых адносінаў на "канструктыўнай, раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове".

У тэлефоннай размове, якая адбылася 28 студзеня, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін яшчэ раз павіншаваў новага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з уступленьнем на пасаду.

Лідэры абмеркавалі шляхі наладжваньня супрацоўніцтва па такіх міжнародных праблемах, як барацьба з тэрарызмам, сытуацыя на Блізкім Усходзе, араба-ізраільскі канфлікт, стратэгічная стабільнасьць і нераспаўсюджваньне ядзерных узбраенняў, іранская ядзерная праграма і становішча на Карэйскім паўвостраве. Былі "закранутыя таксама асноўныя аспэкты крызісу ва Ўкраіне", паведамляе прэс-служба Пуціна.

Прэзыдэнты выказаліся за наладжваньне рэальнай каардынацыі расейскіх і амэрыканскіх дзеяньняў з мэтай разгрому тэрарыстычнай групоўкі "Ісламская дзяржава" і іншых падобных арганізацыяў у Сырыі.

Згодна з інфармацыяй расейскага боку, Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп дамовіліся аб пачатку падрыхтоўкі іх асабістай сустрэчы.

Гэтай тэлефоннай размовы з асаблівай цікавасьцю чакалі ў эўрапейскіх краінах, бо раней зьявіліся здагадкі пра магчымую адмену амэрыканскіх санкцыяў супраць Расеі.