Аднаго са стваральнікаў хакерскай групы «Шалтай-Балтай» затрымалі ў Расеі ў кастрычніку мінулага году пасьля публікацыі «перапіскі Суркова» на ўкраінскім сайце «Кіберхунта». Пазьней ён даў паказаньні на магчымага заказьніка гэтага ўзлому — супрацоўніка Цэнтру інфармацыйнай бясьпекі (ЦІБ) ФСБ Сяргея Міхайлава. Пра гэта паведаміла «Росбалту» крыніца, знаёмая з сытуацыяй.
Цяпер Міхайлаў і яшчэ адзін афіцэр ФСБ, Дзьмітры Дакучаеў, абвінавачаныя паводле артыкулу «Дзяржаўная здрада», знаходзяцца і турме «Ляфортава».
Паводле словаў крыніцы «Росбалта», журналіста Ўладзімера Анікеева, вядомага ў групоўцы «Шалтай-Балтай» пад нікам «Люіс», выманілі ў Расею з Украіны з дапамогай «складанай апэратыўнай камбінацыі». Суразмоўца агенцтва сьцьвярджае, што ў Расею Анікееў вяртацца не зьбіраўся.
У кастрычніку ўкраінскі сайт «Кіберхунта» апублікаваў зьмесьціва дзьвюх паштовых скрынь, якія, як мяркуецца, належаць памочніку прэзыдэнта Расеі Ўладзіслава Суркова. Масіў з 2337 лістоў у тым ліку утрымліваў дакумэнты, прысьвечаныя «пляне дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне». Адна са скрынь разьмяшчалася ў дамэне gov.ru, таму расьсьледаваньнем ўцечкі займалася ў тым ліку і ФСА, тлумачыць суразмоўца «Росбалта». Ён жа кажа, што публікацыяй «пошты Суркова» займаўся Анікееў.
«Анікееў адразу пачаў супрацоўнічаць са сьледзтвам і даваць разгорнутыя паказаньні, у якіх неаднаразова згадваўся Міхайлаў — як асоба, зьвязаная з камандай» Шалтай-Балтай«, — кажа крыніца агенцтва.
Намесьнік начальніка аднаго з падразьдзяленьняў ЦИБ ФСБ Сяргея Міхайлава затрымалі ў сьнежні летась. Паводле крыніцаў «Новай газеты», яго захоплівалі наўмысна тэатралізавана: надзелі на галаву мяшок проста на калегіі ФСБ. Яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. Акрамя таго, у «Ляфортава» патрапіў адзін з падначаленых Міхайлава — супрацоўнік ФСБ і былы хакер Дзьмітры Дакучаеў.
У апублікаванай «перапісцы Суркова» быў і беларускі сьлед.