Чым запомніўся Ціхановіч, Свабодзе распавялі яго сябры і калегі.
Пра сьмерць Аляксандра Ціхановіча ўначы ў Instagram паведаміла ягонай дачка. Жонка Ядзьвіга Паплаўская ў гэты час была за мяжой — на гастролях у Ізраілі. Яна вяртаецца ў Беларусь.
Вядома, што апошні год Ціхановіч цяжка хварэў. Як піша TUT.BY, ён цярпеў у тым ліку і ад анкалягічных захворваньняў.
Аляксандар Ціхановіч атрымаў вядомасьць у 1970-я, калі ён выступаў у ВІА «Верасы». З таго часу зь ім знаёмы Зьміцер Падбярэскі, музычны крытык, пісьменьнік, намесьнік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». У 1970-я ён працаваў на тэлебачаньні, і яму часта даводзілася сустракацца зь Ціхановічам на здымках і народных фэстывалях.
«Вельмі душэўны быў чалавек, — кажа Падбярэскі. — Калі ён усьміхаўся, ён абяззбройваў людзей. І такое ў мяне склалася зь цягам гадоў уражаньне, што нейкую падставу ён ні для каго ня мог зрабіць. Вельмі добразычлівы, шчыры. Заўсёды знаходзіў імгненьне, каб павітацца».
Ціхановіч выступаў на эстраднай сцэне. Але слова «папса» да ягонай музыкі нельга выкарыстоўваць, лічыць Падбярэскі.
«Калі казаць пра ягоную ролю ў музыцы, то я проста верыў яму. Тое, што ён сьпяваў, што ён паказваў, гэта выклікала вялікую веру».
Нягледзячы на цяжкі стан здароўя, Аляксандар Ціхановіч яшчэ месяц таму ўдзельнічаў у запісе праграмы. Уладзімер Максімкаў, рэжысэр і прадусар, расказаў Свабодзе, што Ціхановіч з Паплаўскай прасьпявалі песьняроўскія «Калядачкі» напярэдадні Новага году.
«Саша звыш харызматычны артыст. Ён заўжды пагаджаўся на самыя авантурныя прапановы. Ён нядобра сябе адчуваў, толькі голас аднавіў, але пагадзіўся. Яны здымаліся разам зь Ядзяй».
Максімкаў кажа, што сьмерць Ціхановіча — гэта канец цэлай эпохі. У беларускай музыцы ня так шмат эстрадных артыстаў, якіх ведае ўся краіна. Адным зь нямногіх быў акурат Ціхановіч.
«Ён незаменны ў фундамэнце беларускай эстраднай музыкі, нацыянальнай культуры. Гэта калясальная плятформа. Ня ўсім, можа, падабалася ягоная музыка. Але гэта суб’ектыўныя рэчы. Яна была папулярнай і вядомай. Дзясятак твораў застануцца ў гісторыі краіны дакладна».
Акрамя прафэсійнага боку, Максімкаў падкрэсьлівае, што Ціхановіч быў вельмі адкрытым чалавекам.
«Успаміны пра яго самыя сьветлыя. Больш спагаднага і больш добрага чалавека я не магу ўзгадаць на нашай эстрадзе. На мой погляд, у такім узросьце сыходзіць з жыцьця недапушчальна. Вельмі крыўдна».
Кампазытар Леанід Шырын таксама адзначае ня толькі прафэсійнасьць, але й надзейнае сяброўства, якое падтрымліваў са многімі Ціхановіч.
«Гэта быў сапраўдны музыка, сапраўдны чалавек, сапраўдны сябра, які быў гатовы прыйсьці на дапамогу, — сказаў Шырын Свабодзе. — Ён дапамог мне асабіста вельмі шмат. І прафэсійна, і па-чалавечы. Магу толькі сказаць, што гэта вялікая страта для Беларусі і для мяне асабіста незаменная страта».
Ціхановіч заўжды быў афіцыйным сьпеваком, але не цураўся сяброў зь іншымі поглядамі на палітыку. Цёплымі словамі аб сьпеваку адгукаўся палітвязень Андрэй Клімаў. Ён выпадкова пазнаёміўся зь Ціхановічам і Папалўскай у пачатку 1990-х. Але яны засталіся сябрамі нават пасьля зьняволеньня Клімава.
«Ён праводзіў тады конкурс на стварэньне айчыннага аўтамабілю, — расказваў пра Клімава ў інтэрвію Свабодзе ў 2000-м годзе Аляксандар Ціхановіч. — Ён падтрымліваў нашую праграму, і падтрымліваў нас на тэлебачаньні, калі выступленьні па расейскім тэлебачаньні сталі платнымі. Мы зь ім сябры. А сяброўства, гэта ж ня толькі калі добра, а й калі нядобра. У жыцьці кожнага ёсьць моманты, калі трэба выбіраць. Калі цяжка было нам, тады Андрэй нам вельмі дапамагаў, дапамагаў і матэрыяльна, і па-чалавечы. І ня толькі нам, але й маладым выканаўцам».
Разьвітаньне з Аляксандрам Ціхановічам адбудзецца 30 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, паведаміў БелТА міністар культуры Барыс Сьвятлоў. Канкрэтны час пакуль удакладняецца.