Назіральнікі фіксуюць працяг насільля на некаторых участках лініі разьмежаваньня.
Паводле слоў першага намесьніка старшыні Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ, рэгіёну таксама пагражае экалягічная катастрофа.
«Вымушаны канстатаваць, што гвалт працягваецца, — заявіў на брыфінгу ў Кіеве 27 студзеня першы намесьнік СММ АБСЭ Аляксандр Хуг -. У ноч на аўторак у раёне станіцы Луганскай мы зафіксавалі ўваходзячы і выходзячы агонь, гэта азначае, што абодва бакі парушаюць менскія дамоўленасьці і пагадненьне аб разьвядзеньні сілаў і сродкаў».
Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ таксама заяўляе аб высокай рызыцы экалягічнай катастрофы ў выпадку абстрэлаў Данецкай фільтравальнай станцыі. Хуг падкрэсьліў, што дастаткова трапленьня аднаго снарада з артылерыі або мінамёта, каб уся Данецкая вобласьць засталася без пітной вады.