Суд прызнаў віну Варушчанкі і аштрафаваў на 10 базавых велічыняў — 230 рублёў. Штраф па гэтым артыкуле максымальны.
Васіль Варушчанка пакінуў камэнтар у пабліку парталу «Сильные новости» ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» наступнага зьместу: «Беларуская мова — гэта труп, што гніе, які ўжо даўно трэба закапаць глыбей!».
Пратакол у дачыненьні былога міліцыянта складзены паводле артыкулу 9.22 КаАП у адміністрацыі Навабеліцкага раёну на патрабаваньне Гомельскага гарвыканкаму.
Паспрыяў справе сваім зваротам у гарвыканкам Ігар Случак, гомельскі грамадзкі актывіст, ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску».
«Усе грамадзяне павінны вучыцца паважліва ставіцца да беларускай мовы — мовы тытульнай нацыі», — лічыць спадар Случак.
У судзе Васіль Варушчанка папрасіў прабачэньня ва ўсіх, каго абразіў.
«Мэты кагосьці абразіць ня меў. Напісаў проста так, бо не было чаго рабіць».
Яшчэ да пачатку суду Васіль Варушчанка ў прыватнай гутарцы з журналістамі прызнаў сваю віну, сказаў, што гатовы панесьці пакараньне.