Сёньня ў Кіеве адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня беларуска-украінскай літаратурнай прэміяй «Воін сьвятла» імя Міхася Жызьнеўскага, які тры гады таму загінуў падчас масавых акцый пратэсту ва Ўкраіне ў выніку супрацьстаяньня паміж мірнымі пратэстоўцамі і сілавікамі.
Прэмія заснаваная два гады таму Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і Кіеўскай арганізацыяй Нацыянальнага саюзу пісьменьнікаў Украіны і ўручаецца ў дзень народзінаў Героя Нябеснай сотні ля помніка, што ўсталяваны ў Кіеве побач зь месцам яго гібелі.
Уладальнікамі сёлетняй статуэткі «Воін сьвятла» сталі беларускі пісьменьнік, блогер і вядоўца беларускай службы рады «Свабода» Міхась Скобла за кнігу эсэ «Саркафагі страху» ды ўкраінскі празаік Мікола Хоміч за гістарычны дэтэктыў «Загадка грабніцы». Прэмію ўручыў народны дэпутат Украіны, былы ўдзельнік добраахвотніцкага батальёну «Азоў» Алег Пятрэнка, які падтрымаў такую літаратурную ідэю.
Аўтар стварэньня літаратурнай прэміі, старшыня Кіеўскай арганізацыі Нацыянальнага саюзу пісьменьнікаў Украіны Ўладзімер Даніленка кажа, што ідэя супольнай беларуска-украінскай прэміі ўзьнікла «для папулярызацыі літаратуры, якая паказвае моцных асоб, герояў, за якімі можна рушыць усьлед, якія могуць адстойваць свае ідэалы, ідэалы свабоды, справядлівасьці, маралі, лепшыя чалавечыя якасьці, што ёсьць ва ўсіх рэлігіях сьвету, і што было закладзена ў лепшых літаратурах сьвету».
«Як я бачу, сёньня і перад украінскай, і перад беларускай літаратурай стаіць задача выхаваньня новага пакаленьня, чалавека, які здольны быць прынцыповым і ў выпадку неабходнасьці нават ахвяраваць сабой дзеля ідэалаў. Вось для гэтага была створана прэмія „Воін сьвятла“, якая ўручаецца ў дзень нараджэньня Міхася Жызьнеўскага. Магчыма, празь некаторы час да нас далучацца й іншыя народы, і яна стане ня толькі прэміяй Украіны і Беларусі, але і іншых народаў», — адзначыў Уладзімер Даніленка.
Паводле яго, цяпер вядуцца перамовы, каб залучыць пісьменьнікаў і Балтыйскіх краін. «Прэмія не грашовая, яна хутчэй маральная», — дадаў украінскі пісьменьнік.
Міхась Скобла ганарыцца, што менавіта ягоная кніга «Саркафагі страху» адзначаная прэміяй імя Міхася Жызьнеўскага. «Для мяне гэта вялікі гонар, тым больш, што я сябе пачуваю ўжо 30 гадоў акупантам Украіны — я калісьці служыў на Львоўшчыне ў савецкім войску, і з тае пары пакляўся: пакуль буду жыць, буду перакладаць украінскую паэзію на беларускую мову. І па меры сваіх сілаў я гэта раблю. У кожнай маёй кніжцы ёсьць разьдзел, зьвязаны з Украінай», — адзначыў беларускі пісьменьнік і пажадаў украінскім пабрацімам перамен і перамог на ўсіх франтах.
Уладзімер Даніленка кажа, што для ўдзелу ў намінаваньні на прэмію «Воін сьвятла» было абрана па пяць кніг ад беларускага і ўкраінскага пісьменьніцтва. Па выніках абмеркаваньня беларуска-украінскае журы вызначыла пераможцаў. «Мы выбралі кнігу Міколы Хоміча «Загадка грабніцы» — гэта дэтэктыў, які паказвае, што прычына расейска-украінскай вайны — гэта гістарычныя культурныя комплексы, ад якіх сілкуецца імпэрскі міт, і які штурхае расейцаў ісьці на вайну з Украінай, і кнігу Міхася Скоблы «Саркафагі страху», — рэзюмаваў украінскі пісьменьнік.
Летась статуэтку «Воін сьвятла» атрымалі беларускі пісьменьнік Анатоль Бароўскі і ўкраінскі — Багдан Жолдак.