У арт-пабе «Торвальд» прайшла прэзэнтацыя зборніка перакладаў на беларускую мову твораў Уладзіміра Высоцкага, якія зрабіў магілёўскі выкладчык Міхась Булавацкі. А таксама творчая сустрэча з бардам Зьмітром Бартосікам, які пазнаёміў слухачоў з аўтарскім выкананьнем песень Уладзіміра Высоцкага па-беларуску.
Дзьве імпрэзы спалучыліся ў сапраўдную канцэртную праграму, падчас якой выступоўцы расказвалі пра сваё захапленьне творчасьцю Высоцкага — паэта, сьпевака, актора, якога «у СССР лічылі небясьпечным».
Міхась Булавацкі — настаўнік матэматыкі вышэйшай катэгорыі, журналіст, пісьменьнік, грамадзкі актывіст, адзін з тых, хто ў 1990-я пачаў выкладаць свой прадмет па-беларуску. Ён аўтар беларускамоўных падручнікаў, шмат займаецца мэтадычнай працай і працуе рэпэтытарам.
Паводле спадара Булавацкага, перакладаць творы Ўладзіміра Высоцкага ён пачаў, каб удасканаліць ўласную беларускую мову:
«Калі нам дазволілі выкладаць на роднай мове — вы толькі паслухайце, як абразьліва гэта гучыць, — я зразумеў, што яе пачаў страчваць. Яна натужліва вярталася на язык, і, каб паскорыць працэс, я пачаў нешта перакладаць. Спачатку тое, што было патрэбна для лекцыяў па матэматыцы. Але ўсё ж такі гэта абмежаваны лексыкон. І я падумаў, што трэба перакласьці нешта мастацкае. Пакуль я разважаў, што б такое перакласьці, аднойчы пачуў Высоцкага „Паляваньне на ваўкоў“ і я зразумеў, што нейкія два радкі добра кладуцца на нашу мову. Захацелася перакласьці ўвесь твор. Потым стаў перакладаць яшчэ і яшчэ. Назьбіралася на першую кнігу перакладаў, яна выйшла ў 1999 годзе. Але я сам разумеў, што пераклады далёка не дасканалыя. Таму атрымалася такая правакацыя: кніга ўжо была, і я прасіў, каб яе чыталі і рабілі мне крытычныя заўвагі».
Другая кніга, «Уладзімір Высоцкі. Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе...» — гэта плён амаль 15-гадовай працы ўдасканаленьня ранейшых перакладаў. Міхась Булавацкі шмат кансультаваўся з мовазнаўцамі, шмат што выпраўляў, параўноўваў зробленае самім з напрацаваным калегамі. Дарэчы, на сустрэчы ў Віцебску ён згадаў, што тутэйшыя аматары паэзіі Высоцкага маюць земляка, які таксама перакладае песьні славутага паэта, барда і актора. Гэта Георгі Станкевіч, настаўнік зь Бешанковічаў, які плённа займаецца і перакладчыцкай дзейнасьцю, і сам піша вершы, выконваючы пад гітару паэтычныя творы.
Міхаць Булавацкі падпісаў зборнік перакладаў для Георгія Станкевіча, які не прысутнічаў на сустрэчы. Спадар Булавацкі кажа, што ў цяперашняй Беларусі ягоныя песьні набылі новае гучаньне:
«У зборніку „Уладзімір Высоцкі. Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе...“ — арыгіналы і пераклады на беларускую мову 45 твораў гэтага найярчэйшага савецкага ці, лепш сказаць, антысавецкага паэта і сьпевака. У СССР яго баяліся. Ня менш яго баяцца і сёньня ў Беларусі. Можа, не паўсюль. У Менску бываюць імпрэзы, у Берасьці ня так даўно адбыўся першы міжнародны бард-форум „Паласа нэўтральная“. Але вось у Магілёве няпроста арганізаваць выступ зь перакладамі Высоцкага — гэта я зьведаў на ўласным досьведзе. І сапраўды: калі прыслухацца ня толькі да слоў, але задумацца над зьместам — ягоныя творы і сёньня, ужо далёка пасьля развалу СССР, гучаць востра, гучаць як пратэст супраць прыгнёту асобы».
Як Высоцкі гучыць па-беларуску, прысутныя пачулі ў выкананьні Зьмітра Бартосіка, аўтара Свабоды, вядомага барда і аўтара праекту «Барды Свабоды». Прагучалі песьні Ўладзіміра Высоцкага ў перакладах і ў арыгінале, а таксама прысьвечаныя яму творы яшчэ аднаго славутага сучасьніка — Булата Акуджавы.