БелАЭС, магчыма, не апошняя атамная станцыя ў Беларусі — кіраўнік Акадэміі навук

  • БелаПАН

На будоўлі Беларускай АЭС, кастрычнік 2016 году.

На тэрыторыі Беларусі ў будучыні можа быць пабудавана большая колькасьць атамных электрастанцый, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 25 студзеня старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Уладзімер Гусакоў.

«Мы лічым, што гэта не апошняя атамная станцыя на тэрыторыі Беларусі, — сказаў ён. — Можа быць, я забягаю наперад, але мы мяркуем, што будуць стварацца яшчэ атамныя станцыі, можа быць, у 2030 годзе».

У нас сёньня пакуль недастатковыя энэргазабесьпячэньне і энэргаэфэктыўнасьць.

«Гэта аб’ектыўна, таму што калі мы ставім задачу рэзкага нарошчваньня ВУП і павышэньня ўзроўню дабрабыту нашага народу, мы павінны абавязкова нарошчваць сваю энэргетыку. Якая эфэктыўнасьць энэргетыкі і ўзровень энэргазабесьпячэньня, такая і эфэктыўнасьць эканомікі. У нас сёньня пакуль недастатковыя энэргазабесьпячэньне і энэргаэфэктыўнасьць, таму нам трэба ў гэтым напрамку вельмі актыўна працаваць», — сказаў кіраўнік НАН.

Гусакоў адзначыў, што акадэмія навук адказвае за навуковае суправаджэньне будаўніцтва Беларускай АЭС, а пасьля запуску станцыі будзе праводзіць на ёй навуковую працу ў галіне ядзернай энэргетыкі.

Акрамя гэтага, сказаў навуковец, НАН займаецца разьвіцьцём тэхналёгіі атрыманьня энэргіі зь іншых крыніц. «Мы актыўна працуем у галіне сонечнай, вадароднай энэргетыкі, энэргетыкі мясцовых рэсурсаў, нетрадыцыйнай энэргетыкі — на пэрспэктыву», — падкрэсьліў Гусакоў.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзел Расеі пад Астраўцом у Гарадзенскай вобласьці. Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай электрычнай магутнасьцю да 2.400 мэгават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёка АЭС заплянаваны на 2019 год, другога — на 2020 год.