Трамп падпісаў указы аб аднаўленьні будаўніцтва нафтаправодаў

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указы аб аднаўленьні будаўніцтва нафтаправодаў Dakota Access Pipeline і Keystone XL, паведамляе агенцтва Associated Press. Будаўніцтва было спынена ў часе прэзыдэнцтва Барака Абамы ў сувязі з пратэстамі эколягаў і індзейцаў.

Пабудова нафтаправоду Dakota Access Pipeline мае каштаваць 3,8 мільярда даляраў. Па ім нафта з штату Паўночная Дакота будзе паступаць у Ілінойс. Праціўнікі будаўніцтва лічаць, што нафтаправод пагоршыць сытуацыю з доступам да пітной вадзе для племені індзейцаў сіў і для тых людзей, якія жывуць ўніз па плыні Місуры. Акрамя таго будуць зьнішчаныя сьвятыя для індзейцаў месцы.

На адным з участкаў пракладкі нафтаправоду ў Паўночнай Дакоце за апошні час праходзілі дэманстрацыі пратэсту. Паліцыя неаднаразова затрымлівала ўдзельнікаў акцый. У пачатку сьнежня 2016 году амэрыканскі ўрад абвясьціў, што адмаўляецца ад зацьверджанага маршруту нафтаправода і разгледзіць альтэрнатыўныя варыянты яго пракладкі.