Увосень 2016 году дзевяць прадстаўнікоў дзяржаўных органаў прайшлі практыку ў Нацыянальнай школе адміністрацыі Францыі (ENA). Навучальная ўстанова была заснаваная Шарлем дэ Голем у 1945 годзе. Тут праходзілі навучаньне многія палітычныя лідэры Францыі. Сярод выпускнікоў школы і дзейны прэзыдэнт Франсуа Алянд.
Паводле Дыд’е Канэса, амбасадара Францыі ў Беларусі, у Нацыянальную школу адміністрацыі штогод прыяжджаюць замежнікі з усяго сьвету. Але беларусы ўпершыню трапілі на стажаваньне ў ENA толькі летась. Гэта былі прадстаўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэту, Міністэрства эканомікі ды іншых устаноў.
«Упершыню летась такая магчымасьць зьявілася для маладых беларускіх дзяржслужбоўцаў, — сказаў Канэс. — Гэты фактар канкрэтна паказвае на паляпшэньне двухбаковых стасункаў».
Фінансаваньне прафэсійных візытаў праходзіць у межах праграмы мабільнасьці для мэтанакіраваных міжасабовых кантактаў (MOST). Гэты праект фінансуецца Эўразьвязам. У яго рамках 750 чалавек ужо прайшлі кароткатэрміновыя візыты і практыку. Сярод іх 95 чалавек навучаліся ў Францыі. Яшчэ 750 чалавек трапяць на праграму сёлета.
«Вы вярнуліся і тым самым дэманструеце дружбу паміж Беларусьсю і Францыяй, — зьвярнулася да выпускнікоў праграмы Андрэа Віктарын, кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. — Але мы ідзём далей. Вы таксама дэманструеце сваё сяброўства паміж Беларусьсю і Эўрапейскім зьвязам».
Арганізатары праграмы атрымалі больш за пяць тысячаў заявак. Найбольш актыўнымі былі прадстаўнікі дзяржаўных арганізацыяў.
«Але гэтая праграма ня толькі для дзяржаўных службоўцаў, — сказаў Свабодзе Клаўс Баер, кіраўнік рабочай групы ў праграме МОST. — Для нас важна ўключыць усіх. Дзяржаўныя службы, прыватныя структуры, НДА».
Паводле Клаўса Баера, галоўны крытэр для адбору ўдзельнікаў заключаецца ў тым, каб удзельнік праграмы прынёс карысьць для ўсёй арганізацыі.