Украінка Яна Жданава, актывістка руху Femen, заявіла ў інтэрвію выданьню Апостраф, што Femen не існуе фактычна ад 2015 году.
«Ад 2015 году ўсё скончылася. Усе разышліся як у моры караблі. Каманды, якая была раней, ужо няма», — сказала яна.
«Сыстэмы і таго канцэпту, які быў першапачаткова, калі мы штодня, без выходных і вакацыяў, працавалі на карысьць нашай ідэі, гэта ўсё скончылася. Мы пераехалі ў Францыю, яшчэ гады два Femen праіснаваў, а потым усё пачало трашчаць па швах і развальвацца. Напрыклад, я нават ня ведаю, хто ў Францыі зараз займаецца сайтам, хто вядзе старонку ў Facebook», — дадала Яна Жданава.
Цяпер Femen — гэта больш не арганізацыя, а стыль пратэсту. Той стыль, які мы стваралі на працягу ўсяго існаваньня нашай арганізацыі, проста запазычаюць.
Камэнтуючы пратэстныя акцыі жанчын топлес пад эгідай Femen, Яна зазначыла: «Цяпер Femen — гэта больш не арганізацыя, а стыль пратэсту. Той стыль, які мы стваралі на працягу ўсяго існаваньня нашай арганізацыі, проста запазычаюць. Людзі выкарыстоўваюць сваё цела ў арце, палітычнай барацьбе як спосаб выказаць сваю палітычную пазыцыю».
Што да прычынаў фактычнага распаду руху, то сярод іх Яна Жданава назвала ўнутраныя канфлікты ў руху і прэтэнзіі на лідэрства ў ім.
Яна Жданава была сярод найбольш вядомых актывістак руху Femen, заснаванага ва Ўкраіне ў 2008 годзе Ганнай Гуцол, Аляксандрай Шаўчэнкай і Інай Шаўчэнкай.
19 сьнежня 2011 году актывісткі Femen Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава правялі ў Менску акцыю каля будынку КДБ, прымеркаваную да гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і брутальнага разгону антыпрэзыдэнцкіх пратэстаў. Дзяўчаты з Femen распрануліся і разгарнулі плякаты з надпісамі «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязьням!» На тварах у іх былі накладныя чорныя вусы, а ў адной на сьпіне намаляваны партрэт, які нагадваў Аляксандра Лукашэнку.
Актывісткам Femen удалося ўцячы перш, чым прыехала міліцыя. Аднак пазьней, паводле іх словаў, іх схапілі ў Менску на вакзале мужчыны ў цывільным, завезьлі ў лес, зьдзекаваліся, білі, адной зь іх аблілі галаву зялёнкай. Калі іх пакінулі ў лесе, яны дайшлі да бліжэйшай вёскі і папрасілі там дапамогі. Ва Ўкраіну іх вывезьлі на дыпляматычнай машыне.
Старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў абверг закіды на адрас КДБ у гвалце супраць актывістак і назваў усё, што адбылося, правакацыяй.
У чэрвені 2013 актывісткі Femen правялі ў Кіеве акцыю «Начная атака на Лукашэнку». Актывісткі з крыкамі і запаленымі факеламі ў руках прыйшлі да будынку ў Кіеве, дзе начаваў кіраўнік Беларусі, які прыбыў з афіцыйным візытам ва Ўкраіну. Такім чынам Femen нагадала Лукашэнку пра зьдзекі з боку супрацоўнікаў КДБ над актывісткамі руху ў гомельскім лесе ў 2011 годзе. А таксама пра «зьбітых рэпрэсаваных беларускіх герояў, якія кінулі выклік дыктатуры Лукашэнкі». Актывістак затрымалі супрацоўнікі міліцыі, якія ахоўвалі кіраўніка Беларусі.
Your browser doesn’t support HTML5