У Казані інспэктары Фэдэральнай службы па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Россельхознадзор) знайшлі польскія яблыкі ды турэцкія і гішпанскія памідоры, імпартаваныя Беларусьсю.
Як паведамляе афіцыйны сайт Россельхознагляду, на мінулым тыдні інспэктары па Рэспубліцы Татарстан, праводзячы кантроль прадпрыемства «Плодоовощная база» Казані, выявілі 237,1 кг яблыкаў і груш польскага паходжаньня, 253 кг вінаграду і 151, 5 кг памідораў турэцкага паходжаньня, 15 кг вінаграду і 10 кг памідораў гішпанскага паходжаньня. Краіны паходжаньня былі на этыкетках. Імпартэрам прадукцыі была Рэспубліка Беларусь.
Сайт паведамляе, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам гэтая прадукцыя была канфіскаваная з абароту і «зьнішчаная на палігоне цьвёрдых бытавых адходаў мэханічным шляхам».