Samsung назвала прычыны ўзгараньня смартфонаў Galaxy Note 7

Паўднёвакарэйская кампанія Samsung апублікавала вынікі расьсьледаваньня ўсіх выпадкаў узгараньня смартфонаў Galaxy Note 7.

Спэцыялісты выявілі дзьве прычыны перагрэву акумулятараў:

1. Батарэі, вырабленыя даччынай кампаніяй вытворцы электронікі Samsung SDI, былі няўдала спраектаваныя. У раёне закругленага рога акумулятара датыкаліся паміж сабой электроды, якія выклікалі замыканьне.

2. Іншая партыя тэлефонаў была абсталяваная акумулятарамі ганконскай фірмы Amperex Technology. У іх была неналежная ізаляцыйнай пракладка, што таксама прыводзіла да дакрананьня электродаў.


Каб падобныя выпадкі не паўтарыліся, кампанія ўвяла васьміўзроўневую праверку бясьпекі прылад і сфармавала групу незалежных назіральнікаў за якасьцю акумулятарных батарэяў.

Samsung Galaxy Note 7 паступіў у продаж у жніўні летпшняга году. Аднак ужо 2 верасьня кампанія адклікала 2,5 млн прададзеных смартфонаў з-за шматлікіх паведамленьняў аб перагрэве і ўзгараньні сотавых апаратаў. У кастрычніку Samsung прыняў рашэньне спыніць вытворчасьць гэтай мадэлі.