У Італіі знойдзеныя жывымі 10 чалавек, якія апынуліся пад сьнежнай лявінай

У Цэнтральнай Італіі знойдзеныя жывымі 10 пастаяльцаў гатэлю ў гарах, які накрыла сьнежнай лявінай больш як суткі таму. Сярод уратаваных двое дзяцей.

Дакладных дадзеных аб колькасьці людзей, якія апынуліся пад сьнегам і абломкамі, няма. Паводле некаторых крыніцаў, іх 14.

Працуюць ратавальнікі

Паводле ратавальнікаў, чуваць галасы, як мяркуецца, яшчэ пяці чалавек, заблякаваных лявінай.

18 студзеня ўвечары, у гарах Гран-Сасо сышла сьнежная лявіна, справакаваная землятрусам. Яна накрыла гатэль, у якім маглі знаходзіцца каля 30 чалавек. Ратавальнікі змаглі дабрацца да месца здарэньня толькі празь некалькі гадзін з-за складаных умоваў надворʼя.