10 рэчаў, якія Трамп абяцае зрабіць «у першы дзень»

Агенцтва Associated Press паведаміла пра «10 абяцаньняў якія Дональд Трамп зрабіў для свайго першага дня». Паводле Associated Press, пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Трамп мае:

— Прапанаваць канстытуцыйную папраўку, якая ўвядзе абмежаваньне на колькасьць тэрмінаў для кангрэсмэнаў.

— Замарозіць прыём на працу ў фэдэральным урадзе, каб зьменшыць выдаткі на заробкі. Пры гэтым будзе зроблены вынятак для агенцтваў, якія займаюцца абаронай, грамадзкай бясьпекай і аховай здароўя.

— Забараніць супрацоўнікам Белага дому і Кангрэсу рабіцца лабістамі пяць гадаў пасьля сыходу зь дзяржаўнай пасады.

— Абвясьціць пляны перамоваў аб зьменах у Паўночнаамэрыканскай дамове аб вольным гандлі паміж ЗША, Канадай і Мэксыкай, альбо выйсьці з гэтай дамовы.

— Афіцыйна выйсьці з Трансціхаакіянскага партнэрства.

— Зьняць абмежаваньні на здабычу вугалю, нафты і прыроднага газу.

— Зьняць перашкоды, створаныя ў часе кіраўніцтва Барака Абамы для энэргетычных праектаў, такіх як трубаправод Keystone XL, які мае праходзіць праз тэрыторыі Канады і ЗША.

— Скасаваць выплаты ЗША ў праграмы ААН па зьменах клімату і накіраваць гэтыя грошы ў інфраструктуру ЗША па абароне навакольнага асяродзьдзя і водазабесьпячэньня.

— Спыніць усё фэдэральнае фінансаваньне «гарадам-прытулкам», у якіх мясцовыя ўлады не арыштоўваюць і не затрымліваюць імігрантаў, якія жывуць у ЗША нелегальна.

— Прыпыніць іміграцыю з рэгіёнаў, якія зьвязваюць з тэрарызмам, у тых выпадках, калі складана правесьці праверку.

Сам Дональд Трамп патлумачыў, што пад «першым днём» ня варта разумець менавіта пятніцу, 20 студзеня. Паводле яго, некаторыя рашэньні будуць падпісаныя адразу пасьля інаўгурацыйнай прамовы, а некаторыя ў панядзелак, 23 студзеня.