Ужо некалькі дзён праз плятформу «Талака» ідзе збор грошай для журналіста і паэта Алеся Чобата, які адзін жыве ў старой хаце ў 30 кілямэтрах ад Горадні.
Арганізатарам збору дапамогі стаў журналіст тэлеканалу «Белсат» Зьміцер Ягораў:
«Дапамагаць іншым — гэта натуральная рыса любой асобы. Пасьля публікацыі на сайце нашага тэлеканалу пра тое, як жыве спадар Алесь, у сацсетках мы атрымалі моцны водгук ад чытачоў і гледачоў „Белсату“. Людзі пісалі, што хочуць дапамагчы. Я журналіст, а не грамадзкі дзеяч, я ніколі раней не займаўся падобнымі праектамі. Але я пабачыў, што ёсьць вялікая ахвота ў іншых людзей дапамагчы, і мне не хацелася б, каб гэтае жаданьне выйшла толькі ў якасьці лайкаў і камэнтаў у сацсетках і ніяк не перайшло ў рэальную дапамогу. Трэба было ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, узяць на сябе адказнасьць і проста зрабіць.
Ніхто іншы ў той момант ня ўзяўся — тады вырашыў, што я гэта зраблю. Я ведаю, што ў Горадні ёсьць людзі, якія дапамагаюць Чобату, прыяжджаюць да яго. Вялікая ім павага. Але ў гэтым выпадку зьявіліся іншыя ахвотныя, зь іншых гарадоў і нават краінаў. Шкада было б змарнаваць такія добрыя намеры і гатоўнасьць дапамагчы», — сказаў Ягораў сайту Беларускай асацыяцыі журналістаў.
За тыдзень праз «Талаку» сабрана ўжо больш за 1000 рублёў, хоць запрошаная сума для збору была ў 2 разы меншай. Усяго ахвяравалі 67 чалавек. Апроч гэтага, Зьміцер Ягораў забраў грошы на дапамогу Чобату ў Варшаве, а частку сродкаў прынесьлі гродзенскай паэтцы Дануце Бічэль, што апякуецца Алесем.
Алесь Чобат — журналіст і паэт, асьлеп пасьля апэрацыі ў 2013 годзе. Ён жыве ў Скідзелі, што ў 30 км ад Горадні. Алесь Чобат яшчэ пры жыцьці стаў легендай, а ягоныя творы — песьнямі розных беларускіх гуртоў. Для гарадзенцаў спадар Алесь — гэта Паэт, аўтар каля дзясятка кніг прозы і паэзіі. Алесь Чобат быў зьвязаны і з журналістыкай. Ён яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў пасьпеў папрацаваць рэпартэрам і аглядальнікам тыднёвікаў «Перспектива», «Гродненские новости», «Гродненская неделя», меў дачыненьне да стварэньня ў горадзе газэты «Рэанімова».