У спрэчках паміж тымі, хто шукае «плюсы» ў беларускай сыстэме, і тымі, хто тлумачыць апісаньне «плюсоў» стакгольмскім сындромам, ніколі не будзе пераможцаў. Хтосьці зьедзе за мяжу, хтосьці вернецца з-за мяжы, хтосьці заўжды будзе жыць у Беларусі, і ўва ўсіх будуць свае інтэрпрэтацыі навакольля.
Узяць, да прыкладу, мэдыцыну. У абмеркаваньнях артыкулу «Сем рэчаў, якія робяць Беларусь камфортнай для жыцця краінай» часта сустракаецца меркаваньне, што беларуская мэдыцына значна больш даступная, чым у краінах Эўразьвязу. У прыватнасьці, параўноўваецца праца хуткай мэдычнай дапамогі. І прыедзе, кажуць, брыгада на любы выклік, і грошай плаціць за гэта не трэба.
Тое, што падаецца такім зручным, калі вельмі ня хочацца выклікаць таксоўку, у маштабах краіны — драма і нават трагедыя.
Але ці праўда гэта добра, што брыгаду хуткай дапамогі ў Беларусі можна пасьпяхова выклікаць практычна з любой нагоды? Тое, што падаецца такім зручным а першай ночы, калі вельмі ня хочацца выклікаць таксоўку і ехаць у прыёмны пакой найбліжэйшага шпіталя, у маштабах краіны — драма і нават трагедыя.
Увогуле, гэтая сфэра мэдыцыны выглядае безнадзейна. Па-першае, мэдыкаў на хуткай традыцыйна не хапае. І далёка не апошнюю ролю ў гэтым грае тое, што добрая палова выклікаў фактычна беспадстаўныя — тэмпэратура 38,8 у дарослага чалавека, ціск 140/100 у сямідзесяцігадовай жанчыны, адсутнасьць апэтыту ў маленькага дзіцяці, жаданьне пацыента трапіць у стацыянар тэрмінова, бо ня хочацца зьбіраць дакумэнты для плянавай шпіталізацыі. Па-другое, празь вялікую колькасьць няпрофільных выклікаў (тыя выпадкі, калі чалавек меў бы зьвярнуцца ў паліклініку ці прыёмную шпіталя самастойна) мэдыкі часам могуць проста не пасьпець на сапраўды тэрміновы выклік.
Пакуль хтосьці выклікае хуткую, бо ня можа самастойна прыняць лекі, іншы чалавек з пагрозай жыцьцю чакае, чакае, чакае...
Безумоўна, у іх ёсьць клясыфікацыя выклікаў, і на «кепска з сэрцам, задыхаецца, год таму быў інфаркт» выедуць у першую чаргу, а «моцна баліць сьпіна» пакінуць на потым. Безумоўна, існуюць агульныя і профільныя брыгады, і на інфаркты мусяць выяжджаць кардыёлягі, а да шасьцімесячнага дзіцяці — пэдыятрычная брыгада. Толькі ў рэальнасьці не заўжды ўсё працуе так, як павінна. І пакуль хтосьці выклікае хуткую, бо ня можа самастойна прыняць лекі, якія зьнізяць тэмпэратуру, іншы чалавек з пагрозай жыцьцю чакае, чакае, чакае...
Адной маёй знаёмай давялося дзяжурыць на хуткай акурат у дзень, калі ў Менску гаспадарыў цыклён «Хаўер». Яе брыгада была вымушана ехаць на выклік да 17-гадовага хлопца з тэмпэратурай, крыху вышэйшай за 38 градусаў. Яна па тэлефоне ўгаворвала кагосьці зь яго родных даць хлопцу парацэтамол, пачакаць 20 хвілін, і, калі ня будзе лепш, набраць 103 яшчэ раз. Яна тлумачыла, што дабірацца будуць доўга, бо на вуліцы страшэнная завіруха. Але дамовіцца не атрымалася, і давялося ехаць. Каб самой даць хлопцу гэты няшчасны парацэтамол. Вельмі рацыянальная была трата фінансавых і чалавечых рэсурсаў.
Агулам, усё досыць проста. «Хуткая» не выпісвае рэцэптаў, не дае бальнічны і не расьпісвае схему лячэньня. Яна аказвае тэрміновую дапамогу і пры неабходнасьці шпіталізуе чалавека. Толькі дзьве функцыі: дапамагчы і шпіталізаваць. Для ўсяго астатняга ёсьць паліклініка і прыёмныя аддзяленьні.
І не, «хуткая дапамога» — гэта не таксі, і адвозіць чалавека, які ў стане самастойна перамяшчацца, на плянавую шпіталізацыю, не павінна.
Зьмяняць сыстэму варта — абмежаваць сьпіс скаргаў і нагодаў, пры якіх выяжджае брыгада «хуткай»...
Я загадзя адкажу на галоўнае пытаньне апанэнтак і апанэнтаў. Я не прапаную зрабіць выклік хуткай дапамогі платным. Але зьмяняць сыстэму варта — абмежаваць сьпіс скаргаў і нагодаў, пры якіх выяжджае брыгада «хуткай», ствараць і папулярызаваць так званыя сацыяльныя таксі, з дапамогай якіх фізычна слабыя людзі маглі б самастойна прыяжджаць у паліклініку ці лякарню па нізкіх цэнах (машыны мусяць быць абсталяваныя такім чынам, каб у іх мог трапіць чалавек у вазку).
А добрае ў Беларусі, безумоўна, ёсьць. Праўда, з мэдыцынай усё неяк хаатычна: адзін дзень шанцуе, іншы — не.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.