Пра пэрспэктывы ажыцьцяўленьня гэтай ідэі і пра сытуацыю татарскай мовы ў Татарстане мы запыталіся ў Рыма Гільфанава, дырэктара Татара-Башкірскай службы нашага радыё.
РС: Скажыце, што ўяўляе сабою Ўсетатарскі грамадзкі цэнтар і якія ў яго магчымасьці правесьці гэтую ідэю ў жыцьцё?
Рым Гільфанаў: Па аналёгіі зь Беларускім народным фронтам я скажу, што Ўсетатарскі грамадзкі цэнтар у свой час, у 1980-х і 1990-х гадах, быў такой папулярнай і моцнай арганізацыяй, як і БНФ. Але часы зьмяніліся, зьмянілася палітычная сыстэма ў Расеі і ў Татарстане. Прэзыдэнт Татарстану Мінтымэр Шайміеў — які, дарэчы, сёньня адзначае сваё 80-годзьдзе — калі дабіўся для сябе пэўных прывілеяў, ня бачыць патрэбы супрацоўнічаць з нацыянальнымі арганізацыямі. Улады Татарстану зрабілі ўсё, каб адсунуць нацыянальныя арганізацыі ад уплыву на грамадзкае жыцьцё, і сёньня Ўсетатарскі грамадзкі
У дэклярацыі аб сувэрэнітэце Татарстану з 1990 году было запісана, што ў Татарстане дзьве дзяржаўныя мовы: татарская і расейская. Усе тады гэтаму абрадаваліся, але практыка паказала, што ў сытуацыі, калі пры фармальнай роўнасьці моваў адна фактычна мацнейшая, дык мацнейшая перамагае
цэнтар — гэта ўжо іншая арганізацыя: гэта некалькі дзясяткаў актывістаў, якія ладзяць пікеты па актуальных пытаньнях нацыянальнага жыцьця.
Што тычыцца гэтага канкрэтнага пытаньня, дык Усетатарскі грамадзкі цэнтар з самага пачатку выступаў, каб у Татарстане адзінай дзяржаўнай мовай была татарская. У дэклярацыі аб сувэрэнітэце Татарстану з 1990 году было запісана, што ў Татарстане дзьве дзяржаўныя мовы: татарская і расейская. Усе тады гэтаму абрадаваліся, але практыка паказала, што ў сытуацыі, калі пры фармальнай роўнасьці моваў адна фактычна мацнейшая, дык мацнейшая перамагае. У нас перамагае, зразумела, расейская мова.
РС: Скажыце, якая цяпер роля татарскае мовы ў адукацыйнай сыстэме, у школьніцтве і ва ўнівэрсытэтах?
Рым Гільфанаў: У 1990-я гады быў даволі вялікі посьпех — у татараў, нават яшчэ ў савецкі час, захавалася сярэдняя школа на татарскай мове. І вось у 1990-х у Татарстане мы змаглі прасунуць ідэю, што патрэбны цэлы ланцужок — ад дашкольнай асьветы да ўнівэрсытэцкай адукацыі на татарскай мове. Хаця да вышэйшай адукацыі поўнасьцю на татарскай мове — ня толькі на гуманітарных факультэтах, але і на тэхнічных — мы не дайшлі. Ну а цяпер, калі пайшла такая моцная хваля русыфікацыі, колькасьць татарскіх школаў паступова зьмяншаецца. Гэта, вядома, зьвязана ня толькі з палітыкай, але і з тым, што гіне вёска, дзе татарская мова захоўвалася мацней, чым у горадзе. У сярэдніх школах татарская мова яшчэ дзе-нідзе захавалася, але тэндэнцыя такая, што і сярэдняя адукацыя ўжо робіцца ў асноўным расейскамоўнаю.
РС: На што разьлічвае Ўсетатарскі грамадзкі цэнтар, выступаючы з ініцыятывай абвяшчэньня татарскае мовы адзінаю дзяржаўнаю? Гэтая ідэя, калі я добра зразумеў вашу сытуацыю, ня можа ажыцьцявіцца ў Татарстане, праўда?
Рым Гільфанаў: У іх практычна няма магчымасьці паўплываць на дзяржаўныя органы. Але яны выступаюць хоць бы для таго, каб трымаць гэтае пытаньне ў палітычным парадку дня. Прытым, ёсьць тут яшчэ адзін момант, па-мойму, немалаважны. Сёлета заканчваецца тэрмін дзеяньня дамовы паміж Казаньню і Масквой. Гэтая дамова, вядома, фармальная, практычнага зьместу ў ёй амаль няма, але лічыцца, што Татарстан — адзіны рэгіён, які афармляе сваё палітычныя адносіны з Масквою на аснове дамовы, у якой прызнаецца як канстытуцыя Расеі, так і канстытуцыя Татарстану. Кіраўніцтва Татарстану хоча гэтую дамову працягнуць, але сёньня ў Маскве шмат апанэнтаў гэтай дамовы. У гэтым кантэксьце Ўсетатарскі грамадзкі цэнтар напэўна захацеў узьняць моўнае пытаньне, каб паказаць, што ў Татарстане праблема татарскай мовы ўсё яшчэ існуе і трэба яе вырашаць.