Беларусаў сярод пацярпелых ад землятрусаў у Італіі няма, — МЗС

Гатэль Rigopiano ў раёне горнага масіву Гран-Саса-д’Італія, на які абрынулася лавіна

Міністэрства замежных спраў Беларусі заяўляе, што на гэты момант няма зьвестак пра пацярпелых беларускіх грамадзян ад землятрусаў у Італіі. Усяго ў выніку катаклізму загінула каля 30 чалавек.

«Беларуская дыпмісія ў Італіі падтрымлівае кантакт з усімі беларускімі грамадзянамі, пра знаходжаньне якіх у раёнах землятрусаў нам вядома», — сказаў начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык агенцтву «Інтэрфакс».

Мірончык падкрэсьліў, што на гэты момант няма інфармацыі пра тое, што сярод пацярпелых ад землятрусаў і выкліканых імі лавінаў у Італіі ёсьць беларускія грамадзяне.

У ноч на 19 студзеня ў цэнтральных рэгіёнах Італіі адбылося пяць падземных штуршкоў, якія адчуваліся ў Рыме ды іншых гарадах. У выніку ў раёне горнага масіву Гран-Саса-д’Італія на гатэль Rigopiano 4* абрынулася лавіна. Загінулі турысты, каля 30 чалавек. Сыгнал бедзтва падалі двое кліентаў гатэлю, якія ў момант сходу лавіны знаходзіліся ля яго. Яны адправілі ратаўнікам праз мэсэнджэр паведамленьне, у якім было напісана: «Дапамажыце! Мы паміраем ад холаду». Да месца здарэньня ратаўнікам удалося дабрацца на лыжах а 4 раніцы па мясцовым часе. Пастаяльцаў, якія адправілі просьбу аб дапамозе, удалося выратаваць. У самым гатэлі было відаць сьвятло, але галасоў не было чуваць.