Пачатак ТУТ
Адмовіліся таму, што за «групу» даюць большы тэрмін? Ці таму, што ніякай «групы» насамрэч не было?
У тэрмінах крымінальнага кодэксу існуе небясьпечнае збліжэньне. «Арганізаваная злачынная група» – гэта амаль што «злачынная арганізацыя», якая (наступная ступень градацыі) – амаль што «банда» (гэта калі яны ўзброеныя). Сказаць, што на мытным пропуску Каменны Лог дзейнічала «банда» (а менавіта так назваў ашмянскіх мытнікаў прэзыдэнт, і гэта не адзіны выпадак, калі прэзыдэнта падставілі з КДБ, ня сам жа ён прыдумаў «банду») абвінавачаньне палічыла залішнім. Сказаць, што «арганізацыя» – дык яны і былі арганізацыяй – аддзелам Мытнага камітэту. Атрымліваецца накладка. Таму выбралі «групу».
«Артыкул 18. 1. Злачынства прызнаецца ўчыненым арганізаванай групай, калі яно зьдзейсьненае дзьвюма ці больш асобамі, якія папярэдне аб'ядналіся ў кіраваную ўстойлівую групу для сумеснай злачыннай дзейнасьці.» (Крымінальны кодэкс РБ).
З 11-ці мытнікаў, якіх судзяць у Партызанскім судзе, толькі адзін Курневіч трошкі начальнік, быў намесьнікам Карповіча. Галоўнае начальства, у тым ліку Карповіча, судзяць у Менскім абласным судзе. Астатнія ў нашым працэсе – шараговыя інспэктары, якіх нічога, апроч службовай дзейнасьці, не аб’ядноўвала. Кажуць, што Чэпін быў у блізкіх адносінах з Карповічам і нават называў яго «Дзімон». Іншых «збліжэньняў» на працягу працэсу не заўважана. Гэта маё асабістае ўражаньне – колькі ні назіраў за абвінавачанымі, бачыў толькі радыкальную розьніцу паміж тымі, што за кратамі, і тымі, што прызналі віну і цяпер на волі. Розьніца найперш у інтэлектуальным узроўні, найперш – у сталасьці розуму.
Тыя, што за кратамі – выразна кожны сам за сябе, але пры магчымасьці салідарызуюцца, кажуць нешта на карысьць адзін аднаго, яны як на вайне – змагаюцца за сваю праўду. Але мне цяжка ўявіць іх разам, напрыклад, у Юркойцевай лазьні. Не яны выбралі такі лёс.
Тыя, што на волі, тусуюцца кучкай у калідоры ці ў курылцы, нешта абмяркоўваюць, жартуюць, яны ўсе аднаго колеру. І лёс іхны, які яны выбралі самі, мае такі самы колер. Яны ўсе або маюць, або толькі дэманструюць заніжаны інтэлект – «ня помню», «затрудняюсь», «не магу знаць». Калі ўявіць, што яны – група, дык ніякім чынам не самастойная, ня тая, што «аб’ядналіся», дый каб іх нехта «аб’яднаў» – таксама не ўяўляецца, надта тут кожны сам па сабе, падкрэсьлена паасобку.
Хоць менавіта «папярэдняя аб’яднанасьць» і зьяўляецца першай прыкметай «групы». А пра гэтую «папярэднюю аб’яднанасьць» сьведчыць «плянаваньне злачыннай дзейнасьці і ўзгодненасьць дзеяньняў саўдзельнікаў», пра што ў Партызанскім судзе і гаворкі няма. «Падышоў начальнік, даў сто даляраў, за што, не сказаў». Якія тут плянаваньне і ўзгодненасьць?
У абвінаваўчым заключэньні распавядаецца цэлая гісторыя пра тое, як мытныя начальнікі замуцілі «бесьперашкодны пропуск» фураў з «кветкавай прадукцыяй» і давалі шараговым мытнікам грошы, нібыта атрыманыя на тое ад кветкавых фірмачоў. Але ніводнага з гэтых начальнікаў, кіраўнікоў у Партызанскім судзе няма. Затое ў артыкуле 18 Крымінальнага кодэксу ёсьць пункт 2:
«Арганізатары (кіраўнікі) арганізаванай групы нясуць адказнасьць за ўсе зьдзейсненыя групай злачынствы, калі гэтыя злачынствы ахопліваліся іх намерам. Іншыя ўдзельнікі арганізаванай групы нясуць адказнасьць толькі за злачынствы, у падрыхтоўцы або зьдзяйсьненні якіх яны ўдзельнічалі».
«Іншыя», трэба разумець, тыя, якіх арганізатары нібыта выкарысталі і змаглі гэта зрабіць толькі таму, што былі іхнымі кіраўнікамі. Тут – трэцяе небясьпечнае збліжэньне. Кіраўнікамі на службе ці кіраўнікамі «групы»? Выглядае як тое самае, праўда?
Гэта значыць, што такім чынам можна арыштаваць любую арганізацыю, уляпіць ёй «арганізаваную групу», бо яна такая і ёсьць, і засудзіць. За што? А ні за што. Сказаць, што начальнік даваў падначаленым грошы за тое, што добра працуюць. Многія мытнікі дагэтуль перакананыя, што менавіта за гэта. Але ж дзе тут крымінал? За што ў такой сытуацыі караць таго ж Юркойця? А за тое, што пад арганізаванай групай можа разглядацца любая арганізацыя, дадай толькі слова – злачынная.
Ня ведаю, ці адмовіцца суд над мытнікамі ад гэтай «групы», у практыцы беларускіх судоў такая адмова нярэдкая. І Вярхоўны суд зьвяртае ўвагу на важнасьць кваліфікацыі – каб усе прыкметы групы супадалі. А яшчэ, нават калі «група» застанецца, ён зьвяртае ўвагу судоў на «няўхільнае выкананьне патрабаваньняў закона аб індывідуалізацыі адказнасьці пры прызначэньні пакараньня асобам, вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў у складзе арганізаванай групы».
З індывідуалізацыяй, на маю думку, праблемы ўзьніклі ўжо ў абвінаваўчым заключэньні, дзе за пункт адліку віны кожнага ўзятая нібыта прыналежнасьць да гэтай самай «групы».
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.