Цыганкоў: Рэальныя наяўныя даходы беларусаў працягваюць абнаўляць антырэкорды. У студзені-лістападзе гэты паказьнік зьнізіўся на 7,5% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2015 году, паведамляе Белстат. Рэальныя наяўныя даходы насельніцтва — адзін з галоўных эканамічных паказчыкаў, па якім вызначаецца дабрабыт грамадзян. Ён разьлічваецца як розьніца паміж усімі грашовымі даходамі насельніцтва і абавязковымі плацяжамі (напрыклад, падаткамі, зборамі і ўнёскамі, скарэктаванымі на індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі).
Нагадаем, у студзені-кастрычніку рэальныя даходы насельніцтва зьнізіліся на 7,3% да аналягічна пэрыяду 2015 году, у студзені-верасьні — на 7,2%, у студзені-жніўні — на 7,1%.
Урад плянаваў, што па выніках мінулага году рэальныя даходы павінны павялічыцца на 0,5% да паказчыка 2015 года. А тут 7,5% мінус!
Тым часам падае і рэальная зарплата, якая разьлічваецца з улікам інфляцыі. У студзені-лістападзе яна зьнізілася на 4,3% да аналягічна пэрыяду 2015 году.
Дарэчы, рэальныя даходы падаюць другі год запар — паводле вынікаў 2015 году рэальныя даходы ўпалі на 5,9%, хоць плянавалася іх павелічэньне на 1,1-1,5%.
Паводле плянаў ураду, сёлета рэальныя грашовыя даходы насельніцтва маюць вырасьці на 1,3% да мінулага году. Аднак Сусьветны банк прагназуе, што гэты паказьнік будзе зьніжацца. Як на гэтым фоне забясьпечныя тыя самыя славутыя 500 даляраў? На што ўвогуле спадзяецца кіраўнік Беларусі, калі кажа пра такое падвышэньне заробку?
Кошт на нафту апошнія месяцы расьце, будзем спадзявацца, што Расея будзе падымацца і купляць беларускія тавары, што прадукты беларускай нафтаперапрацоўкі па большым кошце будуць купляцца на Захадзе
Мне здаецца, перш за ўсё на зьнешнія чыньнікі — што атрымаецца дамовіцца з Расеяй, яна зноў пачне пастаўляць у поўнай ступені нафту на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, атрымаем новы крэдыт ад Расеі, які зараз затрымліваецца, плюс магчыма ўдасца дамовіцца з МВФ. Кошт на нафту апошнія месяцы расьце, будзем спадзявацца, што Расея будзе падымацца і купляць беларускія тавары, што прадукты беларускай нафтаперапрацоўкі па большым кошце будуць купляцца на Захадзе. Вось фактычна зьнешнія прычыны — адзіная магчымая крыніца аптымізму, якая стаіць за гэтым абяцаньнем Лукашэнкі.
Але калі гэтага ня будзе, калі спраўдзяцца прагнозы сусьветных эканамістаў, якія прынамсі апошнія 2 гады спраўджваюцца даволі дакладна? Нават у гэтым выпадку тыя 500 даляраў могуць быць дасягнутыя. Перш за ўсё двума шляхамі. Першы — за кошт скарачэньня людзей на прадпрыемствах, а яно ўжо актыўна ідзе два гады. Такім чынам, тыя, хто застанецца працаваць на прадпрыемствах, будуць зарабляць крыху больш. Іншая справа, што людзей будзе менш. І другое — за кошт росту цэнаў і тарыфаў. То бок да канца 2017 году, калі нейкім цудам і будзе дасягнутая гэтая лічба ў 500 даляраў, але на іх беларус зможа менш купіць, чым цяпер на 380-400.
Такім чынам можа быць парадаксальная сытуацыя, калі Аляксандар Лукашэнка дасягне гэтых 500 даляраў, дзякуючы дзяржаўнай прапагандзе гэта будзе ўсё распаўсюджана, але пры гэтым узровень дабрабыту насельніцтва панізіцца.
Гурневіч: Мне падаецца, што найбольш верагодны варыянт — гэта тое, што гэтае абяцаньне проста ня будзе выкананае. У гэтым нічога няма новага, такое здаралася ўжо ня раз, штосьці абяцалася, але не атрымлівалася. Прычынай таму ня нейкія ўнутраныя чыньнікі, а пераважна вонкавыя — сусьветны крызіс і гэтак далей. Вось тры гады таму Аляксандар Лукашэнка абяцаў павялічыць сярэдні заробак да 500 даляраў пасьля вось гэтага абвалу, вядомай дэвальвацыі ў 2011-м годзе, але гэта не атрымалася, таму што зноў жа прычынай быў сусьветны эканамічны крызыс, і нафта, і Расея. Так нам гэта патлумачылі. Я ня бачу ніякай прычыны, каб гэтым разам зноў жа так не патлумачыць.
Улада таксама ходзіць фактычна па вастрыні ляза, таму што гэта можа быць прычынай таго сацыяльнага выбуху, пра які мы казалі
Сапраўды, магчымасьць скарачаць штаты прадпрыемстваў і гэтым здабываць грошы, каб павялічыць па статыстыцы заробак да 500 даляраў, але мне здаецца, тут таксама для ўлады ёсьць пастка, таму што звальняючы, скарачаючы людзей і не даючы ім працы — вельмі напружаная сытуацыя. Улада таксама ходзіць фактычна па вастрыні ляза, таму што гэта можа быць прычынай таго сацыяльнага выбуху, пра які мы казалі. Бо паводле мяне, такі сацыяльны выбух магчыма з людзьмі, якія працуюць на заводзе, а не інтэлектуаламі і фэйсбук-юзэрамі, якія дыскутуюць пра гэтае пытаньне не адзін год. Гэта рэальныя рабацягі, якія калі прыйдуць, тады мала ўладзе не пакажацца. Іншых выхадаў, мне здаецца, ня варта і для ўлады шукаць.
Адзіны варыянт — гэта канешне дапамога Расеі, што сёньня выглядае вельмі малаверагодным. Нават калі Расея пагодзіцца зь вяртаньнем статуса-кво, з пытаньнямі нафты і газу, то мне падаецца, што гэта ўсё ж такі ня тыя лічбы, каб з 370 сёньняшніх даляраў сярэдняга заробку раптам павялічыць на чарговыя 130. Гэта ўсё ж такі касьмічныя лічбы. І дапамога Эўразьвязу — гэта таксама для дзяржаўнага бюджэту сьмешныя грошы. Імі можна зацыраваць пэўныя дзіркі, выкарыстоўваць на нейкія датацыйныя сацыяльныя праекты Эўракамісіі, але гэта нават ня 5% ад ВУП, зрэшты які, як паказвае статыстыка, зьменшыўся на 2,5%. Мне падаецца, што гэтае падзеньне будзе працягвацца, а ў такой сытуацыі павялічыць заробак проста ня ўдасца. Я думаю, што пры тым таленце, які Аляксандар Лукашэнка мае, сваёй языкатасьці, ён здолее патлумачыць, і частка людзей, канешне, паверыць, але гэта ўжо ня той час, не сярэдзіна 2000-х гадоў, калі людзі будуць сытуацыяй задаволеныя, і гэта напружанасьць будзе павялічвацца, а заробак ня тое што расьці, а яшчэ будзе падаць.
У правінцыі, пра якую я часта ўзгадваю, гэты заробак ужо падае. 100 даляраў — гэта ўжо мара для многіх рабочых, людзі працуюць на падпрацоўках дома, возяць нешта на трактарах, камусьці пілуюць дровы, а ўладкоўваюцца на мінімальны заробак нейкімі качагарамі, каб проста не плаціць гэты падатак на дармаедзтва. Вось такая сытуацыя. І ня бачна, каб улада сапраўды мела нейкі спосаб гэтую сытуацыю павярнуць у іншы бок.
Глод: Атрымліваецца дзіўная карціна. Выдаткі беларусаў усталёўваюць новы антырэкорд, а насельніцтва вядзе сябе спакойна. Няма ніякіх акцыяў пратэсту. Апошнія апытаньні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў паказваюць, што колькасьць людзей, гатовых публічна пратэставаць, не павялічваецца. Узьнікае законнае пытаньне: чаму так атрымліваецца?
людзі ўжо ведаюць — пасьля ўдару па іхнай кішэні ўлады знаходзяць магчымасьць ня толькі кампэнсаваць іхныя страты, а нават даволі істотна павялічыць іхныя прыбыткі
Я паспрабую адказаць на яго з дапамогай лічбаў Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Глядзіце, мы не аднойчы казалі, што беларускія крызысы заўсёды адбіваліся на рэальных прыбытках насельніцтва. Але ж далёка не заўжды згадваем, што потым прыбыткі так жа імкліва адыгрывалі пазыцыі. Напрыклад, у 2009 годзе, калі даляр за два месяцы падаражэў на 30%, наяўныя прыбыткі за год вырасьлі ўсяго на 3,7%. Затое ўжо ў 2010-м годзе ўсё вярнулася на кругі свая: рост прыбыткаў — 14,8%. Ідзём далей. Самы вялікі крызыс быў у 2011 годзе. Тады кошт даляру павялічыўся ў тры разы. І гэта, зразумела, больш адчувальна паўплываў на рэальныя прыбыткі. Яны сышлі ў мінус на 1,1%. Затое ў наступным годзе — небывалы рост! Адразу на 21,5%.
То бок людзі ўжо ведаюць — пасьля ўдару па іхнай кішэні ўлады знаходзяць магчымасьць ня толькі кампэнсаваць іхныя страты, а нават даволі істотна павялічыць іхныя прыбыткі. Думаецца, менавіта з-за гэтага насельніцтва так спакойна ставіцца да сваіх цяперашніх стратаў.
Канечне, шмат каму давялося дастаць валюту са сховішчаў, каб захаваць ранейшы ровень жыцьця. Гэта зноў жа пацьвярджаюць лічбы. Летась насельніцтва праз абменьнікі і банкаўскія рахункі перадалі дзяржаве амаль два мільярды назапашаных раней даляраў.
Таму пытаньне зараз ня ў тым, ці здолее дзяржава ў 2017 годзе кампэнсаваць беларусам патрачаныя імі грошай? Я ўпэўнены, здолее. Нездарма ж Лукашэнка штораз паўтарае, што насельніцтву трэба вярнуць заробак у памеры 500 даляраў на месяц. Так яно і адбудзецца. Пытаньне ў іншым — якой цаной вярнуць паўтысячы зялёных і што будзе пасьля гэтага?
І вось гэта самае трывожнае. Усё болей і болей эканамістаў кажуць, што Беларусь мае справу не з бягучымі крызысамі, як гэта было раней, а са структурным. Ён ужо мала зьвязаны з падзеньнем коштаў на нафту, з тым, што Расея праз праблемы ва ўласнай эканоміцы закупляе менш беларускіх тавараў і нават з тым, што Расея зьменшыла пастаўкі нафты. Высьветлілася, што многія беларускія прадпрыемствы неэфэктыўныя. Яны могуць працаваць, калі іх рэгулярна і танна крэдытаваць. Але калі друкаваны станок узялі пад кантроль, высьветлілася, што насамрэч такія прадпрыемствы працуюць дрэнна.
Каб вярнуць заробак у 500 даляраў, трэба зноў уключаць друкарскі станок. Аднак і гэта, на думку экспэртаў, у адрозьненьне ад мінулых гадоў, ужо ня выратуе. І таму яны прагназуюць — ня варта спадзявацца, што прыбыткі ў рэальным выражэньні могуць прыкметна павялічыцца сёлета ці нават праз год.