На саміце NATO ў Варшаве ў ліпені 2016 году было вырашана, у адказ на агрэсіўныя дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, выслаць у Польшчу і тры балтыйскія краіны (Літву, Латвію і Эстонію) чатыры баявыя батальёны, бранятанкавую брыгаду і падразьдзяленьне верталётаў.
Першы кантынгент амэрыканскай бранятанкавай брыгады прыехаў у Польшчу зь Нямеччыны 14 студзеня сёлета. Брыгада, якая ў поўным складзе налічвае 3,5 тысячы вайскоўцаў, будзе дысьлякаваная ў чатырох гарадах у заходняй частцы краіны: Жагань (Żagań), Сьвянтошаў (Świętoszów), Сквяжына (Skwierzyna), Баляславец (Bolesławiec).
Падразьдзяленьне амэрыканскіх баявых верталётаў, згодна з паведамленьнямі ў польскіх СМІ, зьявіцца ў Польшчы гэтай вясною і будзе дысьлякаванае ў мясцовасьці Повідз у Вялікапольскім ваяводзтве, дзе цяпер база польскай транспартнай авіяцыі.
Міжнародны натаўскі батальён (Польшча, ЗША, Вялікая Брытанія, Румынія) будзе разьмешчаны гэтай вясною ў мястэчку Ожыш (Orzysz), за 60 кілямэтраў ад мяжы Польшчы з Калінінградзкай вобласьцю і за 100 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.
Паводле неафіцыйных паведамленьняў, астатнія тры міжнародныя натаўскія батальёны будуць разьмешчаныя ў Тапе (Эстонія), Айнажы (Латвія) і Рукле (Літва).
Каардынаваць дзеяньні ўсіх чатырох батальёнаў будзе міжнароднае камандаваньне дывізіі зь сядзібай у Эльблянгу (Elbląg) у Польшчы.
Экспэрты адзначаюць, што дысьлякацыя некалькіх натаўскіх аддзелаў у Польшчы і балтыйскіх краінах істотным чынам не зьмяняе балянсу сілаў у гэтым раёне Эўропы. Узброеныя сілы Польшчы налічваюць 100 тысяч чалавек, войскі Беларусі, якая мяжуе з Польшчай, — 64 тысячы. Колькасьць вайскоўцаў ва ўзброеных сілах Расеі дасягае, паводле неафіцыйных зьвестак, каля мільёна чалавек, у тым ліку прыблізна 15 тысяч у Калінінградзкім анкляве. Тым ня менш базаваньне міжнародных аддзелаў NATO ў Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі ўспрымаецца жыхарамі гэтых краін як гарантыя, што ў выпадку збройнай агрэсіі з боку Расеі ў іх абарону салідарна выступіць увесь Паўночнаатлянтычны альянс.