Пазьбягайце сацыяльнага джэтлагу

Многія з нас маюць тыя ці іншыя праблемы са сном. Пры гэтым прычына іх узьнікненьня можа быць досыць банальнаю, напрыклад, адсутнасьць гігіены сну.

Ёсьць такое вызначэньне — джэтлаг, што азначае парушэньні сну пры перамене гадзіннага пояса, напрыклад, калі чалавек перамяшчаецца на доўгія адлегласьці самалётам і час мяняецца на дзьве, тры і болей гадзін.

Але існуе таксама і такая зьява як сацыяльны джэтлаг. Што гэта такое?

Насамрэч, амаль кожны з нас гэта ведае з уласнага вопыту. Уявіце свой тыдзень: ад панядзелка да пятніцы нам, звычайна, раніцай трэба ўставаць і ехаць працаваць, таму каб без праблем падняцца на раніцу, мы кладземся спаць прыкладна ў адзін і той жа час. Напрыклад, а 10-й гадзіне. У пятніцу вечарам мы ведаем, што ў суботу выхадны, таму можна дазволіць сабе расслабіцца і схадзіць у тэатар, начны клюб або прыняць гасьцей і пры гэтым легчы спаць на 2-3 гадзіны пазьней, чым звычайна. Адпаведна, наступнай раніцай падымаемся з ложка таксама пазьней. Сытуацыя паўтараецца наступнай ноччу. А вось у нядзелю, калі перад панядзелкам трэба раней легчы спаць, гэта робіцца праблематычным: пасьля двух дзён іншага рэжыму, чалавек доўга ня можа заснуць і раніцай у панядзелак з цяжкасьцю прачынаецца. Гэта, дарэчы, зьяўляецца крыніцай вядомай прымаўкі «панядзелак — дзень цяжкі». Карацей кажучы, падчас выхадных дзён мы, як у самалёце, пераносімся ў іншы гадзінны пояс, які адрозьніваецца ад нашага звычайнага на 2-3 гадзіны. Гэта і ёсьць не натуральны, а сацыяльны джэтлаг.

З клінічнага вопыту нам добра вядома, што нярэдка сон можна нармалізаваць шляхам простых гігіенічных парад. І мноства пацыентаў, якія скардзяцца на праблемы са сном, маюць яго парушэньні менавіта ў пачатку працоўнага тыдня, што адбываецца дзякуючы сацыяльнаму джэтлагу.

Практычная парада: пазьбягайце сындрому панядзелка, у выхадныя старайцеся класьціся і ўставаць прыкладна ў той жа час, што і ў працоўныя дні. Гэта зробіць тыднёвы рытм сну больш рэгулярным і дазволіць павысіць яго якасьць.