Беларусь і Ўкраіна правялі перамовы пра супрацоўніцтва ў сфэры міграцыі

Ukraine -- Belarus Ukraine map flag, Kyiv, 29Jule2015

Беларусь і Ўкраіна дамовіліся пра пачатак унутрыдзяржаўных працэдур для падпісаньня пагадненьня пра міжведамаснае супрацоўніцтва ў сфэры міграцыі.

Як паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны, на адпаведных кансультацыях адмыслоўцы паартыкульна ўзгаднілі тэкст праекту дакумэнту.

«Наладжаньне двухбаковага ўзаемадзеяньня ў сфэры міграцыі з Рэспублікай Беларусь ёсьць важным, бо такое непасрэднае міжведамаснае супрацоўніцтва дазволіць Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны больш эфэктыўна ажыцьцяўляць свае паўнамоцтвы ў пытаньнях рэалізацыі дзяржаўнай міграцыйнай палітыкі, а ў сукупнасьці з мадэрнізацыяй сыстэмы дакумэнтаў, што засьведчваюць асобу, дазволіць пазьбягаць залішняй бюракратызацыі пры супрацоўніцтве з кампэтэнтнымі органамі суседняй дзяржавы», — адзначылі ў прэсавай службе ведамства.

Вярхоўная рада Ўкраіны ў ліпені 2016 году ўхваліла закон, адпаведна зь якім з 1 кастрычніка грамадзяне ад дасягненьня 14-гадовага ўзросту атрымліваюць ID-картку замест папяровага пашпарта. І ўжо ўвосень шмат украінскіх грамадзян сутыкнуліся з тым, што на падставе гэтага дакумэнту ня могуць падарожнічаць у краіны, зь якімі адсутнічае візавы рэжым, у тым ліку і ў Беларусь. Паводле двухбаковых пагадненьняў, унутраны ўкраінскі пашпарт новага ўзору не разглядаецца як дакумэнт для пропуску празь мяжу Беларусі.