Ці то фільм, ці то амбіцыя

Колькі б Андрэй Курэйчык не іранізаваў над беларускай кінаіндустрыяй, кінакрытыкамі і самім сабой, яго ўласнае кіно ад гэтага лепшым ня стане. Піша І. Кацяловіч.

«Гараш» і «Party-zan фільм» — гэта збольшага гісторыя піяру: мы атрымліваем паток інфармацыі пра дасягненьні і рэкорды, а якасьці ўласна твораў невыпадкова застаюцца на другім пляне. У дачыненьні да другой рэжысэрскай работы Андрэя Курэйчыка, «Party-zan фільм», асабліва націскаецца на тое, што праект рэалізаваны без дапамогі дзяржаўных сродкаў. Што ён першы зь беларускіх карцінаў трапіў у кінатэатры ў канкурэнтны калянавагодні час. Што на яго шляху да гледача здарыўся «скандал», калі Міністэрства культуры адмовіла ў выдачы пракатнага пасьведчаньня, хаця назваць гэта скандалам будзе занадта гучна. Карацей, «Party-zan фільм» — гэта хроніка рэклямы, калякіношных абмеркаваньняў і перабольшаньняў. Зноў жа: кіно ад гэтага лепшым не становіцца.

Шумавы фон — адна зь дзьвюх галоўных рэчаў, на якіх «выяжджае» кіно спадара Курэйчыка. Драматург і кінасцэнарыст, якога можна ведаць з удзелу ў расейскіх праектах кшталту «Любоў-маркоў», «Ёлкі», «Гараскоп на удачу», ці ў беларускім сэрыяле «Вышэй за неба», на кінафэстывалі «Лістапад» у 2015 годзе прадставіў свой рэжысэрскі дэбют — фільм «Гараш», які ў пачатку 2016-га выйшаў у пракат. Другая рэжысэрская работа, «Party-zan фільм», якая зьявілася на вялікім экране ўжо ў канцы мінулага году, была створаная як айчынная альтэрнатыва навагоднім фільмам ды як пляцоўка для іранізаваньня над нашай кінаіндустрыяй і сыстэмай увогуле. Можна сказаць, увесь шлях Андрэя Курэйчыка ў беларускім кіно, асабліва яго рэжысэрскія работы, суправаджаецца адпаведным штучным кантэкстам, у якім галоўнае не глядзець кіно, а гаварыць пра тое, што яго тычыцца.

Але ўрэшце прыходзіць час ацаніць сам прадукт, і ў гэты момант да пары прыходзіцца другая прыцягальная рэч згаданых фільмаў — правільна абраная ніша «нацыянальнай камэдыі», фактура якой складаецца зь беларускага, блізкага нам навакольля. Такога «жанру» на вялікім экране мы ня бачым увогуле. «Гараш» стаў адкрыта пацяшацца над рэчаіснасьцю, гуляцца са стэрэатыпамі, уключаць у сябе разважаньні пра беларускую мадэль жыцьця і забаўляцца ўсім гэтым працэсам. «Party-zan фільм» гэтую манеру працягнуў: Шабаны, сала, самагонка, драўляная карычневая падлога, Лінія Сталіна, алюзіі на «Беларусьфільм» і таварыства Wargaming.net, канечне, спрацоўваюць па прынцыпе блізкасьці ў прасторы. Гэта становіцца галоўным аргумэнтам для станоўчых водгукаў, якія ўсё прабачаюць, маўляў, можа, гэта і недасканалы фільм, затое пра нас пра ўсіх. Андрэй Курэйчык, такім чынам, заняў выгадную пазыцыю, зь якой усім незадаволеным можна парыраваць: трэба цаніць, што ў нашым пракаце зьявіўся шчыры фільм пра краіну, і лепш такое беларускае кіно на вялікім экране, чым ніякага.

Мы цэнім, але нездарма камэдыю лічаць найскладанейшым жанрам — трэба ўхітрыцца вытрымаць густ і ня зьехаць да лубачнасьці і пошласьці. У гаворцы пра «Party-zan фільм» справа не ў недахопах структуры, мантажу, рытму, не ў шаблёнах, ня ў дрэннай акторскай ігры — тым, што і так кожнаму бачна і зразумела, — а ў самой гісторыі і яе сумніўным камічным складніку. Аўтары, як вядома, імкнуліся стварыць глядацкі, разьлічаны на пракат фільм, які дакажа, што беларускае кіно можа мець посьпех і зарабляць грошы. Таму і стыль гумару, каб дагадзіць большай колькасьці людзей, выбралі адпаведны — не баяліся дзеля эфэкту ўтрыраваньня і абагульненьняў, няскладнага пазёрства, гульні на сэксуальнасьці галоўнай гераіні (адзінае, што вёску і працэс паяданьня сала прыгожа абыгралі). Адным, больш зразумелым, словам — гэта шмат у чым Comedy Сlub style, а Comedy Сlub наша публіка паважае.

Паводле сюжэту маладыя хлопцы Аляксей і Дзяніс, якія дагэтуль ня мелі ніякіх спраў з кінэматографам, перахопліваюць заказ расейскай кампаніі на здымкі батальных сцэн для фільму «Брэсцкі пералом», каб атрымаць у свае рукі абяцаныя за гэта сорак тысяч даляраў. Па дарозе ў Берасьце Аляксей выпадкова змывае грошы ва ўнітаз, чым ставіць сябе і свайго сябра ў складанае становішча, бо зьняць сцэны ім усё ж трэба. Да хлопцаў далучаецца суседка па купэ Марта, і яны разам робяць работу за нуль даляраў.

Усё гэта трэба разумець як мікрамадэль беларускай кінаіндустрыі, дзе пераважае ваеннае кіно — кінаіндустрыі, якая абслугоўвае расейскія кампаніі, у якой грошы «змываюцца ва ўнітаз», а кіно здымаецца за рэшткі, дзе працуюць прагныя да грошай непрафэсіяналы і так далей. Да аўтараў «Party-zan фільму» ўсё гэта, канешне, не адносіцца, бо пад беларускай кінаіндустрыяй у фільме маецца на ўвазе кінастудыя «Беларусьфільм» і тое, што фінансуецца зь бюджэту, хаця абмяжоўваць беларускі кінэматограф толькі гэтым ужо даўно неактуальна, а Курэйчык насамрэч не вялікі арыгінал у тым, што здымае кіно за ўласныя грошы. Такім чынам пародыя аказваецца аднабокай і павярхоўнай, затое выгаднай сцэнарысту, таму што так прасьцей і больш колка. У той жа час над так званым незалежным кіно, і ў прыватнасьці над фільмамі Андрэя Курэйчыка, паіранізаваць таксама можна і абысьціся выразам «рэжысэры — лішнія людзі», які чуецца з вуснаў аднаго з герояў «Party-zan фільму», будзе недастаткова.

Усё ж цікава бачыць, як у камэдыю, дзе ўсё быццам носіць пэўны знак, сымбаль, адсылку, дзе героі становяцца носьбітамі невыпадковых якасьцяў, будуюць на беларускай рэчаіснасьці. Клясычная сюжэтастваральная мадэль з парай сяброў, дзе адзін дамінуе і накіроўвае разьвіцьцё падзей, а другі ўвязваецца ў авантуру і рухаецца за сябрам, перанесеная на айчынныя рэаліі. Аляксей пантуецца і хоча атрымаць вынік неадпаведны высілкам, Дзяніс — праграміст, які выконвае асноўны пласт работы. Ціпа авантурыст-прыгажунчык кшталту Астапа Бэндэра, і сьціплы, але кемлівы летуценьнік, кумірам якога зьяўляецца Стыў Джобс. Гэта партрэт беларускіх мужчын. Калі абодва апынаюцца перад неабходнасьцю здымаць кіно бяз грошай, бо невыкананьне заказу пагражае ім крымінальнай расправай (так, расейскія кінэматаграфісты выступаюць паўбандыцкімі групоўкамі), у першую чаргу яны шукаюць дапамогі ў структуры кшталту аблвыканкама, што цалкам у гэтым прыгодніцкім сюжэце арганічна. Але калі ў Берасьце прыяжджаюць рэжысэр з апэратарам, пачынаецца ўжо неарганічны абсурд аж да таго, што Аляксей наўмысна ломіць апэратару нагу, каб той паехаў у бальніцу, бо грошай на гатэль няма. Калі гэты сучасьнік Эйзэнштэйна напалохана ўцякае ад Аляксея і Дзяніса, ён правальваецца ў люк і, згодна з фільмам, памірае. Той момант, калі хлопцы, паглядзеўшы ў глыбіню люку, зьбягаюць, хоць і задуманы быць сьмешным, такім не зьяўляецца. Нават калі гэта разумець як іронію над беларусамі, што ня хочуць браць адказнасьць за свае ўчынкі, то яна такая ж грубая і недарэчная, як плякатны продакт-плэйсмэнт (рэкляму можна таксама па-рознаму паказаць).

Ад партрэту мужчын можна перайсьці да жанчын, галоўных тут дзьве: дэманізаваная беларуска ў выглядзе берасьцейчанкі Марты, якая выкарыстоўвае сваю прыгажосьць і кемлівасьць быццам на карысьць агульнай справе, а ў той жа час уступае ў інтымныя зносіны з абодвума галоўнымі героямі і, у выніку, зьяжджае ў Маскву з найбольш выгаднай партыяй — расейскім рэжысэрам. Другі пэрсанаж, які, дарэчы, перавандраваў сюды з «Гараша» — яго сыграла Эвеліна Сакура — гэта ўладальніца кватэры, якую здымаюць хлопцы. Здаецца, стрыптызэрка. «Я думала, турак, а ён таджыкам аказаўся». Такімі выглядаюць беларусы згодна з «Party-zan фільмам»: маладушныя ашуканцы і беспрынцыповыя жанчыны, якія, дарэчы, дамінуюць.

Ня вельмі вынаходліва прыгоды герояў будуюцца на тым, што яны імкнуцца напаіць гасьцей, каб ня выявіць адсутнасьці грошай на гатэль, і адначасова ўласнымі высілкамі зьняць кіно за кошт «мабілізаваных» на гэтую справу рэальных вайскоўцаў. Гэта няўдала ня толькі таму, што проста, а таму, што не змагло адпаведным чынам абыграцца і пераўтварыцца ў вытрыманыя, выбудаваныя, дарэчныя эпізоды. Узгадаем недынамічнасьць і няўдалы мантаж, і маем характарыстыку цэлага фільму.

Канечне, Андрэй Курэйчык дасягнуў мэты — ён даказаў, што беларускае кіно можа мець рэзананс і попыт у беларускім пракаце, што нават на такім маленькім рынку, як беларускі, на фільме можна зарабіць, што гісторыю, расказаную ў адной карціне, можна ў нечым аднесьці да ўсёй індустрыі. Шкада, што зарабіць у нашым кіно можна толькі на такім спажывецкім тавары. Выйсьце адно: кожны момант, што здаецца недарэчным, патлумачыць вялікай іроніяй і ў рэшце рэшт «Party-zan фільм» назваць дрэнным таму, што ён як быццам само наша жыцьцё. Толькі што нават наша жыцьцё — больш сьмешнае.