«Мы вельмі доўга размаўлялі з Леанідам Кучуком, каб ён узначаліў „Сталь“. Я яму патлумачыў, у якім стане знаходзіцца клюб. „Сталь“ знаходзіцца на стадыі станаўленьня і нам неабходна цяпер правільна закласьці падмурак для таго, каб ведаць куды ў далейшым будзе рухацца клюб. Мяркую, што Леанід Станіслававіч якраз той чалавек, які зможа выканаць гэтую задачу. Гэтыя высновы я раблю, зыходзячы з вынікаў каманд, у якіх раней працаваў Леанід Кучук», — сказаў прэзыдэнт клюбу Вардан Ісраэлян.
У прэсавай службе футбольнага клюбу «Сталь» нагадалі, што Леанід Кучук ужо мае досьвед працы з украінскімі футбольнымі камандамі — у 2011-2012 гадах ён трэнаваў кіеўскую каманду «Арсэнал» і вывеў яе да эўракубкаў.
У той жа час у клюбе не ўдакладняюць умовы і тэрмін кантракту з Леанідам Кучуком.
У сваю чаргу Леанід Кучук адзначыў, што запрашэньне працаваць з клюбам «Сталь» для яго стала нечаканым. «Не буду прыхоўваць, што я не адразу пагадзіўся на гэтую прапанову, і перад тым, як яе прыняць шмат размаўляў з прэзыдэнтам клюба Варданам Ісраэлянам. Мяркую, мы здолелі знайсьці паразуменьне. Яно заключаецца ў поглядах на клюб, на пабудову каманды, пэрспэктывы яе разьвіцьця», — сказаў беларускі трэнэр у інтэрвію прэсавай службе футбольнага клюбу.
Леанід Кучук нарадзіўся ў Менску і ўсю сваю гульнявую карʼеру правёў у Беларусі, дзе ў якасьці абаронцы выступаў за «Тарпэда» (Менск), «Дынама» (Менск), Гомсельмаш (Гомель), КІМ (Віцебск), ФК «Маладзечна», "Атака-аўра"(Менск),"Дынама-93«(Менск). Леанід Кучук працаваў трэнэрам у КІМ, галоўным трэнэрам у «Дынама-93», ФК «Маладзечна». У 2003 годзе быў прызначаны старшым трэнэрам менскага «Лякаматыва».
Як паведамляла Радыё Свабода, у кастрычніку 2016 года львоўскі футбольны клюб «Карпаты» падпісаў пяцігадовы кантракт з былым трэнэрам беларускай каманды «Крумкачы» Алегам Дулубам.