«Шуша». Эстонцы зьнялі фільм пра Станіслава Шушкевіча

Станіслаў Шушкевіч

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч стаў героем дакумэнтальнага фільма эстонскіх журналістаў Айвара Валдрэ і Лаўры Ліпмаа.

Як адзначаецца ў рэцэнзіі да фільма «Шуша», гэта карціна, якая распавядае пра паўсядзённае жыцьцё Станіслава Шушкевіча.

«Фільм пра тое, як жыве і пра што думае чалавек, які чвэрць стагодзьдзя таму ініцыяваў падпісаньне Белавескіх пагадненьняў, якія скасавалі СССР. Шушкевіч, які час ад часу грае для сябе і сяброў раньнія песьні Высоцкага, зьяўляецца адным з найвялікшых людзей сучаснай гісторыі, чыя ініцыятыва выклікала „эфэкт даміно“ і прывяла да наймацнейшага геапалітычнага зруху ў Эўропе. Аднак сам Шушкевіч лічыць самым галоўным ня тое, што ён адправіў „шостую частку сушы“ да продкаў, а тое, што ён зрабіў незалежную Беларусь бязьядзернай дзяржавай», — адзначаецца на сайце эстонскага кінафэстывалю.

Як расказаў Свабодзе Станіслаў Шушкевіч, ён і сам не чакаў, што прыме ўдзел у здымках фільма:

«У мяне ж дома бывае вельмі шмат карэспандэнтаў. Пэўных журналістаў не пускаю — прапагандыстаў я адразу выганяю. А гэта былі журналісты ад маіх добрых знаёмых у Таліне, мы зь імі паладзілі.

Я нават ня вельмі добра ўсьведамляў, што гэта фільм здымаецца — думаў, гэта проста як інтэрвію, нейкая размова. Мне прычапілі радыёмікрафон. Я паказаў ім лецішча, рабіў усялякія глупствы, а яны здымалі. Празь нейкі час тэлефануюць: мы зрабілі фільм, вы ня будзеце супраць, калі мы яго назавем „Шуша“? Вы казалі, што ў вас у дзяцінстве была такая мянушка. Я кажу: калі ласка, я нічога супраць ня маю. Мне вельмі спадабалася гэтае знаёмства ў чалавечым сэнсе».

Шушкевіч пабачыў фільм у канцы мінулага году на кінафэстывалі ў Таліне «Цёмныя ночы».

«Публікай фільм быў вельмі добра ўспрыняты. Мая жонка потым доўга на мяне сварылася за гэты фільм — кажа, што зрабілі нейкі прыватны фільм. Але я нічога супраць ня маю — гэта добрыя журналісты, добрыя дакумэнталісты. Яны вельмі прыстойныя і сумленныя людзі, мне яны спадабаліся».

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету кажа, што асабліва новага ён у гэтым фільме не распавядае пра сябе.

«Я баюся, што нічога там не расказваю: я проста паказаў сваё лецішча, кабінэт, кампутар... Яны наогул ня столькі пыталі ў мяне, колькі здымалі», — кажа Шушкевіч.