Напярэдадні анансаванага раней канцэрту 8 сакавіка на «Менск-Арэне» гурт Сяргея Міхалка Brutto дасьць канцэрты яшчэ ў шасьці гарадах Беларусі, паведамляе Tut.by. Квіткі зьявяцца ў продажы неўзабаве, каштаваць будуць ад 32 да 67 беларускіх рублёў.
Расклад наступны: 10 лютага — Баранавічы 11 лютага — Берасьце 12 лютага — Горадня 15 лютага — Бабруйск 16 лютага — Салігорск 3 сакавіка — Віцебск 8 сакавіка — Менск
30 кастрычніка 2016 году Brutto ўжо даваў канцэрт у Гомелі. У праграму «Double Hot», якую гурт прэзэнтаваў там і мае прэзэнтаваць у туры па Беларусі, увойдуць песьні Brutto з альбомаў «Родны край» і «Underdog», а такама гіты гурту «Ляпіс Трубяцкі» апошніх 10 гадоў.
За 100 сэкундаў. Brutto вярнуліся дадому:
Your browser doesn’t support HTML5
Канцэрт у Гомелі стаў першым канцэртам Міхалка ў Беларусі з 2010 году. Міхалок зьехаў зь Беларусі празь ціск КДБ — яму пагражала крымінальная справа за абразу Лукашэнкі. Цяпер Міхалок зь сям’ёй жыве ва Ўкраіне, там жа найчасьцей канцэртуюць праекты Brutto і «Ляпіс-98». Пасьля падзелу гурту «Ляпіс Трубяцкі» на Brutto і Trubetskoy першыя практычна адмовіліся ад старых песень, другія іх выконвалі разам з новым матэрыялам. Пазьней Міхалок забараніў сьпяваць былым паплечнікам з Trubetskoy свае старыя песьні, сам жа запісаў з Brutto шэраг песень «Ляпісаў». Праект «Ляпіс-98», у межах якога Міхалок сьпявае старыя песьні «Ляпісаў», даў два канцэрты ў Менску на мяжы 2016 і 2017 гадоў, квіткі распрадавалі за лічаныя гадзіны.