Зубры паселяцца ў Рагачоўскім раёне

У Рагачоўскім раёне, у межах рэалізацыі Канвэнцыі пра біялягічную разнастайнасьць, заплянавана на 2019-2020 гады інтрадукцыя эўрапейскага зубра. Пра гэта паведамляе раённая інспэкцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Дакладная колькасьць асобін пакуль ня вызначана, але іх будзе ня менш, як паўтара дзясятка.

Займацца інтрадукцыяй зуброў маюць Гомельскі аблвыканкам і Рагачоўская раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Гомельшчына мае ўжо неблагі досьвед перасяленьня белавескага зубра. У 1996 годзе ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік з Белавескай пушчы перавезьлі шаснаццаць зуброў. Цяпер на тэрыторыі запаведніка знаходзіцца 129 асобін — пра гэта сьведчыць леташні падлік лясных волатаў, праведзены супрацоўнікамі запаведніку.