«Усе гэтыя гады на ўсіх значных беларускіх імпрэзах...» — гарадзенскаму хору «Бацькаўшчына» споўнілася 25 год

Гарадзенскі хор беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына» падчас канцэрту ў гонар свайго 25-годзьдзя

Дваццаць пяць год таму на праваслаўныя Каляды Гарадзенскі хор духоўнай музыкі «Бацькаўшчына» даў свой першы канцэрт.

Некаторыя харысты, якія ў «Бацькаўшчыне» ад самага пачатку, кажуць, што іх хор нарадзіўся практычна адначасова зь незалежнай Рэспублікай Беларусь. І ўсе гэтыя 25 гадоў цяжка ўявіць якое-кольвек значнае культурніцкае беларускае мерапрыемства ў Горадні без удзелу хору «Бацькаўшчына».

Заснавальніца хору, Вера Кунцэвіч — прафэсійны музыкант, удакладняе, што іх хор нарадзіўся, як Хрыстос, на Каляды. Мы гутарым зь ёй за гадзіну да юбілейнага канцэрту, яна трошкі заклапочаная, хвалюецца, але настрой у яе прыўзьняты. А яшчэ дадае, што ўжо два гады, як адышла ад актыўнага ўдзелу ў хоры, і цяпер ім кіруе Ірына Жыгуліна.

Вера Кунцэвіч, заснавальніца хору «Бацькаўшчына»

— Кожны гадок для нас — гэта праца, радасьць, клопат, творчасьць. За 25 год у нашым калектыве перабывала паўтары сотні чалавек. Іх лёс склаўся па-рознаму, але ўсе яны дагэтуль засталіся нашымі харыстамі.

Спадарыня Вера распавядае, што ёй вельмі добра запомнілася, як ствараўся калектыў. Яна яшчэ зь юнацтва марыла пра тое, каб стварыць хор менавіта беларускай духоўнай музыкі.

— Гэта ідэя доўга лунала ў галаве і потым ўвасобілася ў рэальнасьць, — узгадвае Вера Кунцэвіч.

Геаграфія канцэртаў хору «Бацькаўшчына»

— Мы пачалі свой рэпэртуар зь беларускага духоўнага гімна — «Магутны Божа». А потым пачалі рыхтавацца да Калядаў, і першы канцэрт якраз і складаўся з калядных песень са зборніка Міколы Куліковіча-Шчаглова, які захаваўся ў Лёнданскай беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны.

Спадарыня Вера ўзгадвае, што многія харысты прыйшлі з гісторыка-культурніцкага клюбу «Паходня». Паводле яе, гэта ўжо былі людзі патрыятычныя, якія самі цікавіліся беларускімі сьпевамі. Сярод іх людзі рознага ўзросту, але вельмі падобных поглядаў на жыцьцё, усіх цікавіла і захапляла беларускасьць. А яны ў сваю чаргу пачалі прыводзіць у хор сваіх дзяцей, а потым і унукаў.

Падчас юбілейнага канцэрту хору «Бацькаўшчына»

— Нас імкнуліся прыгрэць да сябе і каталіцкі касьцёл, і праваслаўная царква, і уніяты, і ўлады, але мы, выступаючы ва ўсіх храмах і на розных гарадзкіх мерапрыемствах, заставаліся самі сабой і дагэтуль сьпяваем розную духоўную музыку і надалей выступаем у храмах розных канфэсіяў.

Спадарыня Вера кажа, што ганарыцца сваімі харыстамі, паколькі яны сьвядома празь песьню несьлі і нясуць людзям беларускасьць. Іх дзеткі, як правіла, ходзяць у беларускія клясы.

— І мне часта даводзілася чуць ад сваіх харыстаў: чаму, маўляў, раней не прыйшла да беларускасьці, — распавядае спадарыня Кунцэвіч.

На юбілейным канцэрце хору «Бацькаўшчына» ў Горадні

Паводле спадарыні Веры, за час існаваньня хор даў сотні канцэртаў: адны зь іх запомніліся вельмі, а іншых яна зусім ня памятае.

— Ніколі не забуду, калі мы давалі першы канцэрт у касьцёле ў сувязі з пачаткам набажэнства па-беларуску. Да мяне падышла бабулька, узяла за рукі і кажа: няўжо я дажыла, што магу маліцца ў касьцёле па-беларуску і слухаць беларускія сьпевы. Мне добра памятаюцца канцэрты ў Каложы, каля знака «На Грунвальд», на ўгодкі БНР і многія іншыя.

Першыя канцэрты і першыя публікацыі пра хор «Бацькаўшчына»

А яшчэ згадваюцца канцэрты ў замежжы, паколькі хор «Бацькаўшчына» пабываў у многіх краінах Эўропы. Спадарыня Вера распавядае, што пасьля аднаго такога канцэрта ў Даніі, людзі адтуль дагэтуль дасылаюць гуманітарную дапамогу ў Беларусь.

— Іх настолькі кранулі беларускія песьні і беларуская душа, — кажа спадарыня Кунцэвіч.

Кастусь Жынь у хоры «Бацькаўшчына» ад самага пачатку ягонага існаваньня. Паказвае мне здымкі, выразкі з газэтаў і часопісаў. На адным са здымкаў — калядоўшчыкі. Аказваецца гэта харысты «Бацькаўшчыны», якія першымі ў горадзе пачалі адраджаць традыцыю калядаваньня.

Кастусь Жынь

— Мы з шумам і гамам ішлі тады па вуліцах старажытнай Горадні з зоркай, адпаведна апранутыя. І людзі, упершыню ўбачыўшы такое пасьля столькіх год забаронаў, забыцьця, спыняліся, глядзелі, крычалі і далучаліся да нас. Я ў тыя часы яшчэ першы раз пабачыў, як пасьля нашых калядных песень на беларускай мове ў храмах у людзей цяклі сьлёзы і душа радавалася. І для мяне магчыма гэта засталося самым вялікім уражаньнем ад майго творчага ўдзелу.

Віктар Парфёненка — таксама адзін са старэйшых харыстаў. Ён кажа, што для яго хор «Бацькаўшчына» заўсёды атаясамліваўся зь беларускасьцю. Паводле Парфёненкі, за часамі Шырмы і Валанчыка былі іншыя хоры, але іх хор — безумоўна працяг традыцыяў таго, што стваралі гэтыя таленавітыя беларусы.

Віктар Парфёненка

— Хор і сёньня ўздымае дух беларуса, і гэта нават мацней за мітынг. Я памятаю, як мы выступалі на пачатку 90-х на мітынгах і розных грамадзкіх мерапрыемствах, і было відавочна, што на людзей гэта мела пэўны ўплыў, калі сьпявалі «Магутны Божа» альбо «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Парфёненка прызнаецца, што хор зрабіў значны ўплыў і на ягонае асабістае жыцьцё. Ён ведае беларускія песьні, цяпер сам часта выступае ў ролі настаўніка для іншых.

Ірына Жыгуліна цяпер кіруе хорам. Сьціпла кажа, што імкнецца, каб калектыў трымаўся ў добрай форме, кажа, што працягвае тое, што заклала спадарыня Кунцэвіч.

Ірына Жыгуліна, кіраўніца хору «Бацькаўшчына»

— У мяне стала прысутнічае жаданьне, каб тварыць, тварыць і тварыць. Плянаў шмат, але найперш я імкнуся падтрымліваць традыцыі хору. Нам ня проста, паколькі мы ўсё ж аматарскі хор, і людзі, як правіла, недзе працуюць, занятыя хатнімі справамі. Спадзяюся, што хор «Бацькаўшчына» будзе і надалей існаваць і служыць беларускай культуры.

Каравай у гонар 25-годзьдзя хору «Бацькаўшчына»