Пэдыятар Дзьмітры Серада атрымаў ад пракуратуры Менску пастанову пра завядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні супрацоўніка ўпраўленьня ўнутраных спраў за перавышэньне службовых паўнамоцтваў, распавёў Серада на Facebook.
Раніцай 4 жніўня ў кватэру Серады, выбіўшы ўваходныя дзьверы і шыбу дзьвярэй у кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі і, працягваючы зьбіваць у спэцаўтатранспарце, даставілі ў РУУС. Затрыманы быў дапытаны ў якасьці падазраванага ў хуліганстве, адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў сьледчага «адпалі падставы для далейшага ўтрыманьня яго пад вартай».
Да таго Сераду двойчы адмаўлялі ў завядзеньні крымінальнай справы: затрыманьне нібы праводзілася «ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам», рашэньне аб прыцягненьні да затрыманьня супрацоўнікаў АМАПа «было прынятае абгрунтавана» і «якога-небудзь гвалту ў дачыненьні затрыманага зь іх боку не ўжывалася», а рабілася гэта «для пераадоленьня магчымага супраціву».
«Цікава, якое папярэдняе расьсьледаваньне правядзе той Сьледчы камітэт, які два разы адмаўляў у завядзеньні крымінальнай справы?» — сумняваецца Серада.
Your browser doesn’t support HTML5