Дэкрэт удакладняе, што да асобаў, якія ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў, залічваюцца грамадзяне ў пэрыяд знаходжаньня ў сьпісавым складзе нацыянальнай або зборнай спартовай каманды Рэспублікі Беларусь па відах спорту, праходжаньня альтэрнатыўнай службы і гэтак далей. Таксама дармаедкамі ня будуць лічыцца жанчыны, якія гадуюць дзетак да 7 гадоў (пры ўмове, што дзіця ня ходзіць у садок). У дэкрэце таксама прапісана права мясцовых Саветаў дэпутатаў вызваляць грамадзян ад выплаты падатку ў выпадку пацьвярджэньня цяжкай жыцьцёвай сытуацыі.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая 10 студзеня зьвярнулася да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, каб ён адмяніў дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», лічыць, што гэтых зьменаў недастаткова і што дэкрэт пра дармаедаў «павінен быць безумоўна адменены ў найбліжэйшы час, без усялякіх агаворак, дапрацовак».
«Я лічу, што Аляксандар Лукашэнка абсалютна не пачуў мяне. Мая пазыцыя засталася такой жа — дэкрэт неабходна адмяніць ці хаця б прыпыніць, але ні ў якім разе не праводзіць шліфоўку, таму што ён усё роўна выклікае ў грамадзтве вялікі нэгатыў», — сказала Ганна Канапацкая Свабодзе, камэнтуючы зьмены ў дэкрэце.
Яна дадала: што тычыцца жанчын, якія не працуюць, бо гадуюць дзяцей, то сытуацыя нават пагоршылася:
«Раней было так, што бацькі маглі вадзіць дзяцей у дзіцячы садок і не працаваць, а цяпер яны ня будуць лічыцца дармаедамі толькі ў тым выпадку, калі дзеці сядзяць дома. Таму тут сытуацыя нават пагоршылася».
Ганна Капапацкая сказала, што цяпер чакае афіцыйнага адказу на свой зварот ад Адміністрацыі прэзыдэнта, але мае намер і далей дамагацца адмены дэкрэту пра дармаедаў.
«Я не патрабую ўнесьці зьмены, я прашу адмяніць дэкрэт цалкам», — сказала яна.