Супрацоўнікі Берасьцейскага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) сьцьвярджаюць, што затрымалі 11 студзеня групоўку з трох кантрабандыстаў, сярод якіх прыхільнікі паганскага руху «Белы фронт», руху «Славянскае адраджэньне» і «Правага сэктару», перадае БелТА.
«Правы сэктар» абвяргае сувязь з затрыманымі ў Берасьці: «Правакацыя з боку беларускіх уладаў»
Тры беспрацоўныя жыхары Берасьця 1988 і 1990 гадоў нараджэньня, сьцьвярджае ГУБАЗіК, займаліся збытам агнястрэльнай зброі, амуніцыі, выбухоўкі, наркотыкаў і псыхатропаў. Адзін з мужчынаў, заяўляюць праваахоўнікі, прапагандаваў веравызнаньне «расейскае наваслаўе з элемэнтамі сатанізму».
На відэа, што дэманстравалася на тэлеканале «Беларусь-1», дэманструецца затрыманьне мужчыны з роварам.
Паведамляецца, што іх затрымалі ў час збыту пнэўматычнага пісталета для стральбы патронамі калібру 9 мм. У кантрабандыстаў канфіскавалі 65 патронаў пад пісталет Макарава, тратыл масай 1 кг, а таксама 25 г амфэтаміну, а ў час ператрусу знайшлі 100 патронаў розных калібраў часоў Другой усясьветнай вайны, порах, амуніцыю да процітанкавага гранатамёта, выбухоўку, гукавыя ракеты, дэталі агнястрэльнай зброі, загатоўкі пад «шпіёнскія» пісталеты-асадкі, інструмэнты для вырабу ствалоў агнястрэльнай зброі, амфэтамін, літаратуру «з прапагандай сатанізму» і кнігу «Юный химик».
Супраць мужчынаў заведзеныя крымінальныя справы за незаконнае абарачэньне зброі (ч.3 арт. 295 КК) і наркотыкаў (ч.3 арт 328 КК).
Сайты «Правага сэктару» і «Белага фронту» ў інтэрнэце не паведамляюць пра затрыманьне. Старонкі «Славянскага адраджэньня» перадаюць паведамленьне зь БелТА, на адной старонцы пытаюць, ці ведае нехта нешта пра здарэньне — адказу няма.
Ніводная з названых груповак не названая ў сьпісе арганізацыяў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці, што публікуе КДБ Беларусі. Няма нічога, зьвязанага зь імі, і ў сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, што публікуе Мінінфарм.