Пачатак ТУТ
Колькі сярод нас кантрабандыстаў? А стаўленьне як да кантрабандыстаў – да ўсіх. Гэта, ясная рэч, прыніжае. Таму і да мытнікаў стаўленьне – насьцярожанае.
Помню, Алесь Юркойць расказваў, як служыў на пасажырскіх цягніках і міжволі палохаў беларускіх апазыцыянэраў, што часьцяком езьдзяць у Вільню. Яны сядзяць, нешта сабе абмяркоўваюць, а тут на мяжы заходзіць мытнік і па-беларуску кажа: «Ну што, спадар Лябедзька, калі ўжо ўладу браць будзеце?». Апазыцыянэры пачынаюць перапалохана шаптаць адзін аднаму: «Гэта правакацыя, правакацыя. Нічога яму не адказвайце».
Словам, і для самога мытніка, калі гэта ветлівы адукаваны прафэсіянал, такія насьцярожаныя адносіны людзей ператвараюць ягоную працу ў нялёгкі хлеб.
Пагатоў цікава чытаць камэнтары пад гэтымі блогамі, прысьвечанымі суду над ашмянскімі мытнікамі, дзе адносіны да гэтай прафэсіі спакойныя.
«Такія масавыя працэсы над мытнікамі справа ня новая, яны пэрыядычна здараюцца і іх вельмі любяць адвакаты, бо ідуць яны доўга і пэўны час можна мець стабільны прыбытак. Мне толькі вось цікава, ці выклікаў бы гэты працэс такі рэзананс і цікавасьць аўтара допісу, калі б сярод абвінавачаных не было краязнаўцы? Хіба што не».
Маеце рацыю. Пішаш звычайна пра тое, што добра ведаеш. Я ведаю Юркойця як чалавека зь іншай опэры і саму тую опэру ведаю. Таму мне і цікава паглядзець з той опэры на гэтую, судовую. З аднаго боку, гэта ня погляд спэцыяліста, а зь іншага, як вядома, збоку бывае лепш відаць, у тым ліку і тое, чаго не відаць інсайдэру.
Калега Юркойця Цімафей: «З Сашам не працаваў… на розных былі пастах. Разам сьпявалі ў мастацкай самадзейнасьці на мытні… Добры хлопец. Ды і ўвогуле чарговая справа "для бабы Мані":) Барацьба з карупцыяй… маць яе…»
А вось яшчэ адзін знаёмец Алеся – Васіль: «Ведаю Алеся з 2008 году. Сярод мытнікаў відавочны "нефармал" – размаўляў на беларускай, падтрымліваў апазыцыю. Размаўляў зь ім на гэтую тэму, пытаўся, як працуецца, калі лічыцца там “белай варонай”? Адказваў, што на працы да яго з-за гэтага вельмі пільная ўвага. Але робіць працу ў рамках закона і нагоды да звальненьня не дапускае. Бываў у яго дома. Вельмі ўтульна і сьціпла. Маё меркаваньне – калі нешта і было супрацьзаконнае, то наўрад ці ён рабіў гэта асабіста ад сябе – да яго пэрсоны ўвага сапраўды была вялікая. Тыя, хто пры ўладзе ў Астравецкім раёне, Алеся паважалі. Хоць і апазыцыянэрам яго лічылі, але адэкватным. Верагодна, “загрэблі” Алеся ў рамках таго, што вырашылі паказальна пасадзіць усю зьмену».
Я б не назваў Юркойця апазыцыянэрам і ніколі ня чуў ад яго словаў надзеі, якія б ён зьвязваў з апазыцыяй. Ды і ўся яго асьветніцкая і культурніцкая дзейнасьць ня мела дачыненьня да палітыкі. Прычына тут ня столькі ў ягонай дзяржаўнай службе, колькі ў цьвярозай ацэнцы людзей. Калі чалавек на сваім месцы дасягае нейкіх пазытыўных вынікаў для людзей і краю, яго варта падтрымаць. Ня важна, чыноўнік гэта ці апазыцыянэр. Дадам, што з маіх назіраньняў у лазьні, напрыклад, большасьць чыноўнікаў становяцца апазыцыянэрамі. Не выключаю, што і тыя, хто арганізаваў справу мытнікаў і цяпер іх судзіць, таксама.
Шчыры дзякуй Кнуту і Дзеду, якія сочаць за працэсам і пастаянна камэнтуюць яго, даюць парады, удакладняюць тое, што я напісаў.
Шмат хто з камэнтатараў піша, што судовая сыстэма ў краіне – плоць ад плоці сыстэмы палітычнай.
«Што, не цягнець чацьвёртая ўлада супраць трэцяй?! Бо ў краіне адна ўлада. Справа ня ў тым, што няма незалежнага суду ці судзьдзі, справа ў тым, што сам судзьдзя (суд) не абаронены нічым ад той адной улады і цалкам ад яе залежыць. Гэта сыстэма. Што было з тымі, хто супраць яе падымаўся. У лоб яе ня ўзяць, яе можна абысьці – так, як гару. Таму трэба шукаць людзей, якія ведаюць сыстэму і ў самой сыстэме. Толькі яны могуць хоць як дапамагчы».
Ветразь мысьліць больш радыкальна:
«Што да беларускае судовае сыстэмы і наогул выкарыстаньня законаў у залежнасьці ад настрою “государевых людей”, як ніколі, актуальны ў Беларусі покліч, адрасаваны ўкраінцамі сваім “слугам” — “банду гэць!” Зычу й малюся, каб найхутчэй ў Беларусі запанавала справядлівасьць ды Праўда. І пажаданьне Алесю мацавацца духам і ня губляць надзею. Праўда пераможа! Хуткага вызваленьня жадаю!»
Ня думаю, што ў Беларусі ёсьць хоць нейкія намёкі на рэвалюцыю. Ня думаю таксама, што дзяржаўны апарат у нас аж настолькі праедзены карупцыяй, як ва Ўкраіне. Хачу ў гэтым сэнсе заставацца наіўным рамантыкам і верыць, што само грамадзтва можа патроху зьмяняць сытуацыю зьнізу.
Але ёсьць у стужцы і іншыя галасы.
George: «В белмове нет матов и сьвядомый не может быть преступником. Железная логика, с которой не поспоришь».
У маіх тэкстах гаворка ідзе пра канкрэтнага чалавека, а не пра цнатлівасьць мовы ці беларускую сьвядомасьць.
«Усё вельмі прыгожа піша Дубавец. Толькі галоўнае старанна прыхоўвае: гэтыя людзі кралі нашы з вамі грошы, грошы, якія павінны былі ісці на школы, бальніцы, дарогі».
Гэтыя словы нагадалі мне эпізод з падарожжаў Зьмітра Бартосіка, дзе адна вясковая бабуля кажа яму: «Буду маліцца на Лукашэнку, бо ён дае мне грошы». У сэнсе, пэнсію.
Пра крадзёж у гэтай справе нават суд не гаворыць. Старанна прыхоўвае?:) Суд кажа, што гэтыя грошы плаціў літоўскі бізнэсовец за «бесьперашкодны пропуск» празь мяжу сваёй прадукцыі, якую вёз у Расею і Казахстан. Суд не гаворыць, што з машын ня бралася мыта (што і было б абкраданьнем беларускай дзяржавы). Дык якім бокам гэтыя грошы «нашы з вамі»? Чые яны насамрэч – гэта, на мой погляд, і мусілі высьветліць КДБ і суд. І пойдуць гэтыя грошы не на школы і бальніцы, а на амон, суды і новыя турмы. Трэба ж недзе утрымліваць гэтых новых паўсотні вязьняў і тых, хто іх утрымлівае.
Па свойму адказаў апытанаму Ulad: «Ня жыў тады, калі абвяшчалі людзей ворагам народу. Дзякуй Богу і маім бацькам за тое. Мо, Вы, “апытаны”, жылі? Тады ведаеце, ці чыталі, як бацька ці сябра раптам абвяшчаўся “ворагам народу”, які шпіёніў ці краў у сацыялістычнага грамадзтва, у нас з Вамі. А як дапытвалі і хто судзіў тых нашых бацькоў/сяброў? А тым сваякам і сябрам трэ' было абавязкова выказаць уласнае “піянерскае, камсамольскае, камуністычнае, сацыялістычнае” стаўленьне да гэнага “ворага”. Дык ці верыце Вы, “апытаны”, у праўдзівасьць таго сьледзтва і тых выракаў? Тое самае і цяпер: ці льга верыць сьледзтву і суду, калі сьведчаньне аднаго чалавека “браў хабар” важыць больш сьведчаньня іншага чалавека “не, ня браў хабар”, а іншых доказаў не здабыта? Тыя круцялі, хто закруцілі спагнаньне грошай ва ўласную кішэню, мусілі пэцкаць хабарам як мага болей калегаў-службоўцаў. А сьледчым і суду: чым болей запэцканых, тым гучней справа і велькшы трыюмф. А пра дарогі, школы і лякарні лепей ня ўзгадвайце, бо ёсьць сапраўды вінаватыя цівуны разам з Цмокам».
Спадар Біч зірнуў на справу глябальна: «Сп. Дубавец, якія высновы можна зрабіць з вашых разважаньняў для нашага народа, нашай краіны і цяперашняй сытуацыі ў краіне. Тое, што адбываецца у нас, яшчэ кантрасьней адбываецца ў Расеі. Пакуль мы будзем жыць у інфармацыйнай і культурнай прасторы Расеі, у нас зьмен ня будзе».
Ні я, ні вялікая колькасьць маіх знаёмых не жывем у расейскай інфармацыйнай прасторы, думаю, вы таксама. Таму ня трэба абагульняць і драматызаваць. Тут ёсьць выбар кіраўніцтва краіны і выбар чалавека. Ніхто не выбіраў для літоўцаў, напрыклад, у СССР літоўскую мову, песьню, традыцыі. Гэта рабілі самі людзі. І сёньняшнія беларусы, на мой погляд, вельмі падобныя ў гэтым на літоўцаў савецкіх часоў. Урэшце і пракуроры і судзьдзі і сьледчыя КДБ таксама робяць свой выбар.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.