Расейская інтэрнэт-кампанія «Яндекс» абнавіла вулічныя панарамы беларускіх гарадоў на сэрвісе «Яндекс.Карты». У Менску панарамы апошні раз абнаўляліся ў 2014 годзе, а ў Берасьці, Віцебску, Гомелі, Горадні і Магілёве гэта першае абнаўленьне з 2011 году.
Цяпер на панарамах можна паглядзець панараму высокага разрозьненьня фасаду Гомельскага драматычнага тэатру, абноўленай вуліцы Савецкай у Берасьці ці замарожанай будоўлі «Газпром-цэнтру» ў Менску.
У сталіцы за 2016 год «Яндекс» зрабіў больш за 33 тысячы здымкаў для панарамаў 1586 км дарогаў, у Гомлі — больш за 31 тысячу здымкаў, у іншых абласных цэнтрах — 18-24 тысячы.
Вулічныя панарамы ёсьць і на мапах Google, ды сэрвіс Google Street View прапануе ў Беларусі толькі панарамы, запампаваныя самімі карыстальнікамі. Ва ўсіх суседніх краінах Google прапануе прафэсійныя панарамы.
Бясплатныя дэталёвыя мапы Беларусі даступныя таксама ў сэрвісе Here, які некалі разьвівала Nokia і якім цяпер валодаюць Audi, BMW і Daimler. Таксама падрабязныя бясплатныя мапы прапануе Open Street Maps — сэрвіс, на якім мапы складаюць самі карыстальнікі. Для зручнага доступу да апошняга беларусы распрацавалі папулярны ва ўсім сьвеце мабільны кліент Maps.me.