Рассельгаснагляд не прапусьціў дзьве партыі мяса птушкі вытворчасьці кампаніяў ААТ «Вітконпрадукт» і СЗАТ «Сэрвалюкс». Пра гэта паведамляе ўпраўленьне Рассельгаснагляду Бранскай і Смаленскай абласьцей.
Груз агульным аб’ёмам больш за 25 тонаў накіроўваўся ў Смаленск і Маскву і суправаджаўся вэтэрынарнымі сэртыфікатамі, выдадзенымі Дзяржаўнай вэтэрынарнай службай Беларусі.
Падчас кантролю ў пункце «Красная Горка» ў Смаленскай вобласьці інспэктары высьветлілі, што прадукцыю «Сэрвалюксу» везьлі ў аўтамабілі ў нездавальняючым вэтэрынарна-санітарным стане, а мяса «Вітконпрадукту» перавозілася з парушэньнем тэмпэратурнага рэжыму. Акрамя таго, на некаторых упакоўках не была пазначаная дата вырабу. Частка ж прадукцыі ішла зусім без суправаджальных дакумэнтаў.
У кампаніі «Сэрвалюкс» карэспандэнту Свабоды паабяцалі пракамэнтаваць сытуацыю пазьней.