Нарвэгія першай у сьвеце пачала поўнае адключэньне FM-радыё

Нарвэгія сёньня пачала паступовае закрыцьцё радыёстанцый у FM-дыяпазоне. Да канца 2017 году краіна пяройдзе ад аналягавага радыё да лічбавага, стаўшы першай у сьвеце дзяржавай без FM-вяшчаньня.

Новаўвядзеньне закране ўсе прыватныя і грамадзкія нацыянальныя радыёстанцыі. Мясцовым радыёкампаніям дазволяць працягнуць вяшчаньне на ўльтракароткіх хвалях да 2022 году. Паводле зьвестак нарвэскіх уладаў, каля 70 адсоткаў прыймачоў у краіне прымаюць лічбавы радыёсыгнал, пры гэтым дзьве траціны жыхароў Нарвэгіі лічаць адмову ад FM-дыяпазону заўчасным.

Лічбавае вяшчаньне таньнейшае ў абслугоўваньні і лічыцца больш надзейным: у раёны з фіёрдамі лічбавы сыгнал пранікае нашмат лягчэй. Акрамя таго, FM-радыё прайграе лічбаваму па якасьці гуку. Акрамя Нарвэгіі ад вяшчаньня ў FM-дыяпазоне плянуюць адмовіцца Вялікабрытанія, Данія і Швайцарыя.

Вяшчаньне на частотах FM упершыню пачалося ў ЗША ў 1945 годзе.