Грузьдзіловіч: Аляксандар Лукашэнка сваім указам зьмяніў правілы паступленьня ў некаторыя ВНУ, у прыватнасьці, пэдагагічныя. Цяпер выпускнікам клясаў пэдагагічнай спэцыялізацыі ня будзе патрэбы праходзіць тэставаньне перад падачай дакумэнтаў на паступленьне ў пэдагагічны ВНУ, а дастаткова прайсьці сумоўе у адмысловай камісіі. Аднак платай за такое спрошчанае паступленьне стане абавязковая 5-гадовая адпрацоўка маладога спэцыяліста па месцы разьмеркаваньня. Усім вядома, што гэта за месца разьмеркаваньня — часьцей за ўсё школа ў вясковай мясцовасьці, нават у рэгіёне, забруджаным Чарнобылем, куды ніхто з маладых настаўнікаў ня хоча ехаць працаваць, а калі і даедзе, дык хутка ўцякае.
Як ацаніць гэтую ўвагу Лукашэнкі да вясковых школаў? З аднаго боку — відавочны клопат пра тое, каб гэтыя навучальныя ўстановы былі забясьпечаныя кадрамі, бо становішча там сапраўды кепскае, недахоп настаўнікаў і цякучка кадраў катастрафічныя. Але з другога боку — якая зьмена рыхтуецца тым сельскім настаўнікам, якія сыходзяць на пэнсію?
Па дадзеных паступленьня ў пэдагагічныя ВНУ ў апошнія гады вядома, што менавіта там найбольшы недабор ахвотных атрымаць дыплём, найбольшы недабор па спэцыяльнасьцях настаўнік матэматыкі, моваў, прыродазнаўчых дысцыплінаў. Апошнімі гадамі туды бралі рэальных троечнікаў, абы здалі тэсты. Што будзе цяпер? Цяпер будуць браць нават не троечнікаў, а тых, хто проста выявіў жаданьне далей вучыцца, але пацьвердзіць добрыя веды не ў стане. Адмыслоўцы ў пэдагогіцы адразу зьвярнулі ўвагу на няпэўнасьць складу камісіяў, якія будуць весьці сумоўе з абітурыентамі. Але хутчэй за ўсё, таму склад гэтых камісій і не акрэсьлены, бо ніякага адсеву яны рабіць ня будуць: абы выказаў жаданьне паступіць.
Апошнімі гадамі туды бралі рэальных троечнікаў, абы здалі тэсты
Цяпер падзялюся зьвесткамі ці, лепш сказаць, назіраньнямі за працай выкладчыкаў у ВНУ пэдагагічнага профілю. Здавалася б, ад гэтых адмыслоўцаў залежыць «наша ўсё» — як яны навучаць сваіх студэнтаў, гэтак тыя будуць вучыць нашых дзяцей і такія веды дзеці будуць мець. Дык вось пры зусім невялікіх заробках і аддача на працоўных месцах такая самая — зусім невялікая. На катэдры аднаго менскага ВНУ, пра якую я добра ведаю, большасьць выкладчыкаў не маюць, не валодаюць і не выкарыстоўваюць пэрсанальных кампутараў, асноўным інструмэнтам для іх застаецца стары падручнік і лекцыя.
«Ставіць нам увесь час замежныя фільмы для прагляду, вось гэтак і навучаемся ангельскай мове», — гэтак распавядалі студэнты прэстыжнага ВНУ пра выкладчыка. Канешне, ёсьць там і фанаты сваёй справы, але яны ня могуць зрабіць надворʼя ў сыстэме, якая не заточаная на пошук новых прагрэсіўных формаў навучаньня. Выкладчыкі адзначаюць, што іх кіраўніцтва зусім не цікавіцца, як праходзяць заняткі, рэйтынг выкладчыкаў не вывучаецца, ацэнка атрыманых ведаў вымяраецца толькі адзнакай ў залікоўцы.
Ды што казаць, калі асноўным паказчыкам працы ў некаторых сталічных ВНУ стала тое, ці забясьпечыў выкладчык яўку сваіх студэнтаў на Калядны хакейны турнір, дзе ў лепшых бамбардзірах Лукашэнка, ці на яшчэ якое праўладнае мерапрыемства. Падобныя выкладчыкі не здольныя даць сучасныя веды беларускім дзецям і клопат пра іх замацаваньне ў школах — марныя.
А цяпер — невялікая замалёўка пра тое, як спрабуюць удасканаліць сыстэму адукацыі за мяжой. У ЗША другі год праходзіць конкурс на пошук новай сыстэмы навучаньня ў школах пад назвай «XQ Super school project». Конкурс ініцыявала ўдава Сьціва Джобса, заснавальніка кампаніі «Apple» Лорэн Джонс.
Узнагародай за лепшую прапанову будзе 50 мільёнаў даляраў, але хітрасьць ініцыятара праекту ў тым, што прыз атрымае не адзін чалавек, а каманда аматараў і рэфарматараў пэдагогікі. У гэтым сэнс ініцыятывы: што мала прапанаваць добрыя зьмены, больш важна іх правесьці ў жыцьцё. Другі год ідзе конкурс, пераможца яшчэ не вызначаны, цяпер конкурс на стадыі паўфіналу, але ўжо ў ім узялі ўдзел больш за 70 тысяч добраахвотнікаў.
асноўным паказчыкам працы ў некаторых ВНУ стала тое, ці забясьпечыў выкладчык яўку студэнтаў на Калядны хакейны турнір
І яны кажуць, што незалежна ад таго, перамогуць ці не, яны ўжо ня змогуць працаваць як раней, бо конкурс цалкам зьмяніў іх уяўленьне пра тое, якой мусіць быць сучасная школа і школа будучыні. Ня буду казаць пра дэталі прапановаў, іх безьліч, але мне падаецца, што галоўнае ў праекце Лорэн Джобс — што само грамадзтва зацікаўленае і вызначае, якой мусіць быць сыстэма навучаньня ў краіне, каб не адставаць ад іншых краінаў сьвету. І гэта прынцыповае адрозьненьне ад Беларусі, дзе грамадзтва зноў чакае чарговага ўказу Лукашэнкі ці загаду міністэрства адукацыі. А потым будзе наракаць на тое, што нашы дзеці адстаюць ад аднагодкаў па ўзроўні ведаў, здольнасьці камунікаваць і вырашаць творчыя задачы.
Карбалевіч: Доўгі час існуе міт, што шмат у чым Беларусь саступае разьвітым краінам, але не ў галіне адукацыі. Маўляў, савецкая школа паказала сваю жыцьцяздольнасьць. І нават замежнікі, кажучы пра перавагі Беларусі для інвэстыцыяў, абавязкова гавораць пра кваліфікаваную працоўную сілу. Мне падаецца, што гэта міт. Калі казаць пра школьную адукацыю, то цэнтралізаванае тэставаньне паказвае невысокія вынікі. Некалькі гадоў таму ўвогуле сярэдні бал па фізыцы ці матэматыцы складаў 20-30 балаў па 100-бальнай сыстэме. То бок гэта «двойка» па старой пяцібальнай сыстэме, па якой мы з вамі вучыліся. І каб не сароміць беларускую школу міністэрства адукацыі спрасьціла тэсты. У выніку апошнімі гадамі сярэдні баль цэнтралізаванага тэставаньня павялічыўся.
Што тычыцца вышэйшай адукацыі — шмат маіх знаёмых працуюць выкладчыкамі ў ВНУ. І ўсе аднадушна кажуць, што узровень ведаў студэнтаў за апошнія 10-15 гадоў значна упаў.
Аднак улады гэтая тэма ня вельмі хвалюе. Бо галоўная функцыя сыстэмы адукацыі ў Беларусі — гэта не высокая якасьць навучаньня, а забесьпячэньне палітычнай ляяльнасьці. Вось перад навучальным годам была нарада ў Лукашэнкі па праблемах адукацыі і яго хвалявала толькі адно пытаньне: як настаўнікі выконваюць сваю палітычную функцыю, напрыклад, ў ролі чальцоў выбарчых камісій забясьпечваюць патрэбны вынік выбараў. І з гэтай прычыны, маўляў, ім трэба павысіць заробак. Дарэчы, здаецца, заробак так і не павысілі. І прызначэньне міністрам адукацыі лідэра камуністаў Карпенкі — гэта таксама крок у рэчышчы забесьпячэньня палітычная ляяльнасьці структураў адукацыі.
Другая тэма, якая хвалюе Лукашэнку ў сфэры адукацыі, калі глядзець на ягоныя публічныя выступы: ці варта нешта мяняць у мэханізьме паступленьня ў ВНУ, ці варта мяняць сыстэму цэнтралізаванага тэставаньня, ці трэба ўводзіць зноў экзамэны, як тое было раней?
Яшчэ ён абураецца падручнікамі. Мусіць праглядае тыя падручнікі, па якіх вучыцца сын Коля. Нічога іншага прынцыпова мяняць ён не зьбіраецца.
Дракахруст: Я можа і не стаў бы гэтае рашэньне ганіць сходу з тае прычыны, што ёсьць рэальная праблема. Яна палягае ў тым, што конкурс менавіта ў пэдагагічныя ВНУ вельмі нізкі. Попыт на гэтую прафэсію з боку моладзі вельмі нізкі. Моладзь ісьці туды не хоча, гэта не надта цікава, гэта вельмі нізкія заробкі. Калі б мы гаварылі пра ВНУ, якія выводзяць на ІТ, на банкаўскую сфэру — дык там усё добра. Ніякія крытэрыі не зьмяншаюцца, туды моладзь ідзе, прэ.
Цяперашні ўказ Лукашэнкі — наўрад ці вельмі ўдалае рашэньне
Рашэньне пра гэтыя камісіі проста падведзенае пад тую колькасьць настаўнікаў, якая грамадзтву патрэбныя. І, відаць, вось гэтае тэставаньне, якое зараз касуецца, проста прапускала ў пэдагагічныя ВНУ менш студэнтаў, чым трэба. Тыя ж вясковыя школы трэба хоць якімі настаўнікамі папаўняць. Лепш было б добрымі, ну а вось калі такая сыстэма, калі такая колькасьць людзей хоча туды ісьці, то што рабіць. Просты шлях паляпшэньня якасьці настаўніцтва, ў тым ліку і вясковага настаўніцтва — больш плаціць. Але адкуль узяць грошы? Беларусь — бедная краіна, бедная для вясковых настаўнікаў. Для айцішнікаў — ня надта.
Так, зразумела, гэтае пытаньне вырашаецца так, як падобныя пытаньні звычайна і вырашаюць аўтарытарныя рэжымы — загадам.
Але сказаць, што дэмакратычны рэжым дастаў бы нейкую чароўную палачку, махнуў бы ёй і вырашыў бы гэтую праблему, нельга. Той жа Дональд Трамп казаў падчас выбарчай кампаніі пра тое, якая колькасьць праблемаў існуе ў амэрыканскай адукацыі. Цяперашні ўказ Лукашэнкі — наўрад ці вельмі ўдалае рашэньне, таму што яно ніяк не матывуе, яно фактычна набірае ўсіх жадаючых у гэтыя ВНУ. А ці ёсьць нейкае ўцямнае альтэрнатыўнае рашэньне?