Такую параду нямецкіх лекараў публікуе брытанская газэта «The Guardian». Там жа можна ўбачыць і схему, якая дапаможа вам правільна хадзіць па сьлізкіх зімовых ходніках.
Парада лекараў хадзіць нахіліўшыся наперад, каб перанесьці цэнтар цяжару на пярэднюю нагу, зьявілася пасьля таго, як у Нямеччыне, як і ў Беларусі, рэзка ўпала тэмпэратура і колькасьць людзей, якія атрымалі траўмы, рэзка павялічылася.
Мэтодыка, прапанаваная нямецкімі лекарамі і апублікаваная на сайце Нямецкага таварыства артапэдыі і траўматалёгіі, раіць пры хадзьбе нахіляць тулава наперад, каб цэнтар цяжару знаходзіўся на пярэдняй назе.
На прыкладзеным малюнку тлумачыцца, што калі людзі ідуць нармальна, вага цела амаль пароўну дзеліцца паміж абедзьвюма нагамі. А гэта, паводле нямецкіх хірургаў, павялічвае рызыку страты раўнавагі і падзеньня на сьлізкіх паверхнях.
У 2014 годзе ўлады Бэрліну трапілі пад крытыку за няздольнасьць ачысьціць ад лёду сталічныя тратуары, нягледзячы на папярэджаньні сыноптыкаў. У выніку выратавальныя службы атрымалі больш за 750 экстраных выклікаў, а клінікі былі перапоўненымі пацыентамі з пераломамі касьцей.