«Наша ніва» сабрала больш за 16 тысяч рублёў на расьсьледаваньні

Газэта «Наша Ніва», ілюстрацыйнае фота

Беларуская ґазэта «Наша Ніва» завяршыла збор сродкаў на расьсьледаваньні на сайце Talaka.by. На сайце паведамляецца, што сабрана 164% ад патрэбнай сумы ў 10 тысяч беларускіх рублёў. Цяпер газэта складае канчатковы сьпіс ахвяравальнікаў і рыхтуецца рассылаць абяцаныя падарункі.

Намесьнік галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягор Марціновіч кажа Свабодзе, што сума не канчатковая — на расьсьледаваньні таксама ахвяравалі беларусы Амэрыкі, ды зь пераводам грошай з-за акіяну ёсьць тэхнічныя праблемы, яны дойдуць пазьней.

У выніку гэты збор грошай мае стаць ці трэцім, ці нават другім сярод беларускіх праектаў за мінулы год аб’ёмам сабраных сродкаў.

«Мы зьбіраемся рабіць такі збор сродкаў штогадовым, бо гэта ня кніжка, на якую аднойчы сабраў, выдаў і завяршыў праект, — распавядае Марціновіч. — У нас праект доўгатэрміновы, няспынны і, спадзяюся, бясконцы. Таму ў наступным сьнежні, я думаю, будзе працяг.

Цяпер будзем імкнуцца шырэй разумець расьсьледаваньні. Спадзяёмся, дойдуць рукі да расьсьледаваньняў спажывецкага пляну. Але, безумоўна, тыя тэмы расьсьледаваньняў, якія многімі ўспрымаюцца як фірмовыя „нашаніўскія“ — карупцыя, „русский мир“, пагрозы незалежнасьці — захаваюцца, пры нагодзе будзем актуалізаваць».

«Наша ніва» тым часам не адмаўляецца ад разьмяшчэньня рэклямы і пастаяннага збору грошай праз банкі і АРІП.

«У чым было прынцыповае адрозьненьне збору грошай праз „Талаку“: нам ахвяравалі і раней, але цяпер гэта было зроблена максымальна адкрыта, публічна. Абсалютная большасьць тых, хто ахвяраваў грошы, рабілі гэта пад сваімі імёнамі, не ананімна. А збор праз АРІП працягваецца. Завяршэньне збору на „Талацэ“ ня значыць, што нам больш ніякіх грошай ня трэба. У нас шмат аспэктаў дзейнасьці, якім не пашкодзіла б фінансаваньне».

Марціновіч кажа, што пасьпяховы збор грошай «Нашай нівай» не ўнікальны зьбег абставінаў — іншыя выданьні таксама могуць паспрабаваць сабраць грошы такім шляхам і мець посьпех. Але ён адзначае, што посьпех «Нашай нівы» зьвязаны з унікальным прадуктам:

«Калі зьбіраць грошы проста на грамадзка-палітычнае выданьне на расейскай мове, чытач справядліва адкажа, што такіх дзясяткі, чым вы адметныя? У нас прынцыповая адметнасьць у тым, што мы захоўваем асноўнай пляцоўкай беларускамоўную, а гэта вялікая матывацыя для чытачоў».

Сайт nn.by мае як беларускамоўную, так і расейскамоўную вэрсію, але беларуская прапануецца стандартна. Папяровая газэта, што выдаецца ад 1991 году (тады была адроджаная «Наша ніва», што выходзіла ў 1906–1915 і 1920-х гадах), цяпер выходзіць раз на месяц на 24 старонках (як і раней, толькі па-беларуску).