Пасьля завяршэньня працэдуры набыцьця карпарацыі Yahoo тэлекамунікацыйнай кампаніяй Verizon кіроўная рада Yahoo будзе скарочаная, карпарацыя Yahoo, Inc. атрымае назву Altaba, піша Wall Street Journal.
Пагадненьне ня тычылася інвэстыцыяў Yahoo ў Alibaba Group (уладальнікаў AliExpress) і супольнай амэрыканска-японскай кампаніі Yahoo Japan, а таксама пэўных каштоўных папераў і неасноўных патэнтаў. Усё гэта вылучалася ва ўмоўную кампанію RemainCo, якую цяпер вырашана назваць Altaba (камбінацыя слоў Alternative і Alibaba). Перайменаваньне часткі кампаніі ня значыць, што сэрвісы Yahoo (пошта, пошук, парталы навінаў) зьменяць назву — таксама як не зьмянілі назваў сэрвісы Google, калі Google рэарганізаваўся ў холдынг Alphabet.
Купля, што каштавала Verizon 4,83 млрд даляраў, блізкая да завяршэньня. Пасьля завяршэньня ж чакаецца, што сваю пасаду пакіне генэральная дырэктарка Yahoo Марыса Мэер, сузаснавальнік Yahoo Дэвід Файло і яшчэ чатыры дырэктары. Мэер кіравала Yahoo з 2012 году — першы час яе кіраваньня казалі пра цуд, калі ледзь жывая кампанія пачала разьвівацца, але ў 2015 годзе загаварылі пра ейны правал у адраджэньні колішняга гіганта.
Yahoo.com некалі быў самым папулярным сайтам — пошукам з сэрвісамі навінаў, пошты, надвор’я і гэтак далей. На піку папулярнасьці карпарацыя ацэньвалася ў 100 млрд даляраў.