1. Не бульбашы, а — бацьвіньнікі і грыбнікі
Культ бульбы ў Беларусі быў створаны толькі ў савецкі час. Так лічыць Алена Мікульчык, экспэрт па беларускай кухні і кулінарны крытык. Па яе словах, традыцыйна ў Беларусі елі шмат бацьвіньня, грыбоў, а асабліва — зерневых і бабовых.
«Раней палякі называлі нас „бацьвіньнікамі“, — кажа Мікульчык Свабодзе. — Самі яны грэбавалі бацьвіньнем, а ў нас яго елі ўсе: і паны, і простыя сяляне. Бо гэта вельмі карысна».
На раньніх этапах беларусы ўжывалі шмат аўсу, грэчкі, жыта, ячменю, проса, гароху, сачавіцы і фасолі. А таксама ў беларускай кухні заўжды панавалі грыбы.
«І цяпер мы ямо іх больш за іншых, — кажа Мікульчык. — Для нас лічыцца нармальным пайсьці ў лес у грыбы. Мы столькі пра іх распавядзем! Ведаем, як зьбіраць і як гатаваць. І гэта цудоўна! Усё гэта — аснова здаровага харчаваньня».
А вось бульба трапіла на стол беларусаў толькі ў XIX стагодзьдзі. Але разам зь ёй у той час выкарыстоўвалі шмат рэпы. І было гэта пераважна ў сялянскай кухні. Бо, напрыклад, у кулінарнай кнізе «Кухарка літоўская», выдадзенай у 1854 годзе, страў з бульбы было ня так і шмат.
«А дранікі ўвогуле прыцягнутыя за вушы, — кажа Мікульчык. — Яны ніяк не пасуюць да традыцыйнай сыстэмы харчаваньня. У XIX стагодзьдзі не было на чым смажыць. Сланечнікавага алею не было — быў канапляны, ільняны, аліўкавы, драўляны. Смажылі на сьвіным і гусіным тлушчы. Але гэта дорага і не было распаўсюджаным».
Нацыянальным сымбалем дранікі стала выпадкова, лічыць дасьледчыца.
«У савецкі час нехта вырашыў, што дранікі могуць быць нацыянальнай стравай Беларусі, таму што тут вырошчваюць шмат бульбы і добрыя кліматычныя ўмовы для яе. Гэта маё асабістае меркаваньне».
2. Ня мірныя людзі. Уся гісторыя — гэта час паміж войнамі і паўстаньнямі
«Мы, беларусы — мірныя людзі». З гэтых слоў пачынаецца дзяржаўны гімн Беларусі. Адносна мірныя беларусы толькі апошнія 70 год — з часоў Другой сусьветнай вайны. Аднак пачынаючы ад XIII стагодзьдзя Вялікае Княства Літоўскае заваёўвала навакольныя княствы адно за адным. Яно «мірна» адбілася ад крыжакоў у XV стагодзьдзі, а потым «мірна» пашырыла ўсходнія межы ледзь не да самай Масквы.
У XVI стагодзьдзі шматнацыянальнае Вялікае Княства было найвялікшай па плошчы краінай Эўропы. У наступныя стагодзьдзі яно перажыло некалькі крывавых патопаў падчас войнаў са Швэцыяй і Расеяй.
Нават у савецкія часы, калі пад рэпрэсіі падпалі сотні тысяч людзей, беларусы падавалі свой голас. Напрыклад, на ўвесь СССР разьляцеліся пра бунт, які ўчынілі месьцічы Слуцку ў 1967 годзе. Нязгодныя з прысудам чыноўніку, які забіў рабочага, случакі атакавалі вайскоўцаў, а потым спалілі суд. Загінулі два міліцыянты, згарэла судзьдзя, некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі раненьні.
3. Не малая краіна. На мапе Эўропы — 13-я з 45 па плошчы
У выказваньнях чыноўнікаў увесь час праскоквае тэза пра тое, што Беларусь — малая краіна. Але гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці. Малой, і то даволі адносна, была БССР у межах Савецкага Саюзу. Але на сучаснай мапе Эўропы ні ў якім разе Беларусь не выглядае маленькай краінай.
Як ужо пісала Свабода, Беларусь займае 13-е месца па плошчы сярод 45 краін Эўропы. Тут кожная вобласьць сувымерная цэлай краіне. Віцебская вобласьць — Швайцарыі, Магілёўская — Бэльгіі, а Менская — Даніі.
А каб праехаць Беларусь з усходу на захад ці з поўначы на поўдзень, спатрэбіцца цэлы дзень.
Дык чаму тады — малая краіна? Адзінае тлумачэньне можа быць у тым, што нашы суседзі — Расея і Ўкраіна — дзьве самыя вялікія краіны Эўропы. Толькі на іх фоне Беларусь можа выглядаць малой.
4. Не малодшы брат. Славянскае братэрства прыдумалі за царскім часам
Расея, Украіна і Беларусь — тры ўсходнеславянскія браты, што бяруць пачатак ад аднаго кораня — старажытнарускай народнасьці. Гэты міт пра славянскае братэрства культывуецца апошнія 250 год — ад падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагодзьдзя.
Пра гэта Свабодзе расказваў Алег Трусаў у перадачы «Беларуская Атлянтыда». Па ягоных словах, міт пра «старэйшага», галоўнага брата, які атрымаў назву «вялікарос», і двух «малодшых» братоў — «малароса» (украінца) і беларуса (жыхара Белай Русі) зьявіўся пасьля далучэньня ўсіх беларускіх і бальшыні ўкраінскіх земляў да Расеі.
Цікава, што з гэтым мітам актыўна змагаўся Ленін, які напісаў шэраг артыкулаў супраць вялікарускага шавінізму. Але Сталін пасьля сьмерці Леніна вярнуўся да імпэрскай трактоўкі і крыху дапрацаваў яе. У новым выглядзе ідэя славянскага братэрства была аформленая ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х.
Згодна зь ёй, спачатку была так званая старажытнаруская народнасьць. А ў XIV–XVI стагодзьдзях на ейным грунце склаліся тры братнія народы: расейскі, украінскі і беларускі. Пры гэтым роля «старэйшага брата» была адразу замацаваная за расейскім народам.
Міт пра тры братнія народы на чале з расейскім трывала ўвайшоў у савецкія падручнікі. Але з развалам СССР ён ня зьнік. Пра славянскае братэрства любяць згадваць ня толькі расейскія мэдыі, але і беларускія ўлады. Асабліва напярэдадні перамоваў пра крэдыты і цэны на нафту.
5. Не талерантныя. У беларусаў высокі ўзровень нецярпімасьці
Яшчэ адзін міт — пра беларускую цярпімасьць і талерантнасьць. З часоў незалежнасьці пра талерантнасьць паўсюдна кажуць як пра рысу нацыянальнага характару.
Сапраўды, на тэрыторыі Беларусі, у адрозьненьне ад шмат якіх іншых краінаў, не было сур’ёзных міжнацыянальных або міжрэлігійных канфліктаў. У беларускіх гарадах жылі праваслаўныя, каталікі, юдэі і мусульмане. У краіне на памежжы культур і рэлігій людзі вымушаны былі прымаць не такіх, як яны.
Але пры гэтай гістарычнай талерантнасьці беларусы застаюцца нецярпімымі шмат да якіх зьяваў. Хоць ужо даўно даказана, што сьмяротнае пакараньне не ўплывае на ўзровень злачыннасьці, Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе яно не адменена.
Паводле сацыялягічных апытаньняў, сярод беларусаў захоўваецца высокі ўзровень гамафобіі і расізму. Згодна з рэйтынгам крэатыўнасьці, падрыхтаваным Martin Prosperity Institute у 2015 годзе, Беларусь адначасова заняла 5 месца як краіна з самымі адукаванымі жыхарамі і 97 месца паводле ўзроўню талерантнасьці. Талерантнасьць ацэньвалася на падставе апытаньняў пра стаўленьне грамадзян да імігрантаў, прадстаўнікоў іншых расаў і этнасаў, сэксуальных меншасьцяў.