Дракахруст: Мы нікому не дазволім зьневажаць наш народ і дзяржаву — заявіў Аляксандар Лукашэнка, наведваючы ў праваслаўныя Каляды Сьвятадухаў катэдральны сабор Менску. Далей ён сказаў: «Калі хтосьці гэтага не разумее, тады нам няпроста будзе зь імі ня тое што будаваць адносіны, але і размаўляць. Мы нікому ня можам аддаць гэтую зямлю і гэтую дзяржаву. Яна нам дасталася ў няпростай гістарычнай рэчаіснасьці. Проста скажам, у барацьбе і ў войнах. Мы страцілі велізарную колькасьць людзей, абараняючы нашу зямлю».
Што азначалі гэтыя заявы, прасякнутыя зусім не калядным настроем, чым яны выкліканыя? Той ці тыя, хто зьбіраецца зьняважыць беларусаў і іх дзяржаву, названыя не былі, кшталту, любому не дазволім, хто замахнецца.
Аднак намёк выглядае даволі празрыстым. Раней гэткія філіпікі адрасаваліся Захаду, менавіта яго абвінавачвалі ў спробах падрыву стабільнасьці «хрустальнага сасуду», у арганізацыі Майдану, у санкцыях. Цяпер, здаецца, і санкцыі, прынамсі, эўрапейскія, скасаваныя, і пэрспэктыва Майдану неяк не праглядаецца, ну і наагул навідавоку паляпшэньне стасункаў, па меншай меры ў дыпляматычнай сфэры.
Зразумела, Захад мог бы зрабіць нейкія крокі насустрач Беларусі і афіцыйнаму Менску — даць грошы праз МВФ і іншыя міжнародныя фінансавыя інстытуты, пашырыць гандлёвыя квоты, зьняць абмежаваньні на гандаль, уведзеныя ў свой час, скажам, на беларускі тэкстыль.
Можа, Лукашэнка гэта і меў на ўвазе? Але ўсяго гэтага Захад ні ўчора, ні заўчора, ні шмат гадоў не рабіў. Нежаданьне Захаду аказваць такога кшталту дапамогу неяк «ня цягне» на зьнявагу народу і дзяржавы нават у своеасаблівай «карціне сьвету» беларускага кіраўніка.
Не дапамагаюць — ну дык і раней не дапамагалі, дый наагул Захад па вялікім рахунку нічога Беларусі не вінны, Беларусь ні вайсковы, ні палітычны, ні эканамічны саюзьнік. Не ў гуманітарнай дапамозе ж Беларусь мае патрэбу. Шкада, зразумела, калі не дапамагаюць, але ў дадзеным выпадку ў чым зьнявага?
Так што падаецца, што сказаныя калядныя заявы Лукашэнкі былі з нагоды як раз саюзьніка. Зусім нядаўна шматлікія чыноўнікі папракалі, і гэта яшчэ мякка сказана, чыноўнікаў з Рассельгаснагляду. Прычым, абвінавачаньні былі менавіта ў маральнай плашчыні, ці прынамсі і ў ёй таксама, маўляў, нас не паважаюць, з намі ня лічацца.
Да таго ж публіцы так і не патлумачылі, чаму ж кіраўнік дзяржавы не паехаў на сустрэчу ў вярхах саюзьнікаў напрыканцы мінулага году ў Санкт-Пецярбург. 28 сьнежня Лукашэнка выдаў даволі дзіўны указ, якім Беларусь прыняла за аснову праект новага мытнага кодэксу Эўразійскага саюзу. Таго самага, які астатнія чальцы саюзу ў Пецярбургу падпісалі.
І таксама не было пакуль паведамлена — ну а гэтыя чальцы саюзу, Расея найперш, ці яны гатовыя працягваць перамовы зь Беларусьсю пра кодэкс, які яны ўжо ўхвалілі?
А вось выглядае, што адказ на гэтыя пытаньні і прагучаў у каляднай прамове Лукашэнкі ў Сьвятадухавым саборы. А таму і не паехаў, што не паважаюць, што зьневажаюць, а таму ж і не падпісаў. І невядома, як цяпер наагул будзе функцыянаваць саюз, у тым ліку і мытны, у якім розныя чальцы дзейнічаюць па розных правілах. Гэта ж як ваду чэрпаць рэшатам.
А пра гэта хай баліць галава ў таго, хто, паводле Лукашэнкі, зьневажае беларусаў. Хай не зьневажае, тады будзе подпіс.
Пры гэтым зьнявагі зусім неабавязкова тычацца менавіта тэксту, літары таго кодэксу. Непадпісаньне яго — нагода, прыём, каб дасягнуць сваіх мэтаў у, магчыма, больш істотных і канкрэтных пытаньнях.
Тон калядных выказваньняў кіраўніка дзяржавы сьведчыць пра тое, што канфлікт, дакладней, пучок канфліктаў з саюзьнікам далёкі ад вырашэньня. Ня выключана, што яны толькі абвастраюцца. Калі згода блізкая, калі прынцыпова праблемы вырашаныя, нават калі ідзе хай жорсткі, але спакойны, дзелавы гандаль — не гавораць пра зьнявагі.
Гавораць, калі праблемы перарастаюць у канфрантацыю, у тым ліку і палітычную. Ці наўмысна іх пераводзяць у гэтую плашчыню?
Карбалевіч: Тут два моманты. Найперш варта адзначыць, што апошнія два-тры гады Лукашэнка ў публічных выступах часта робіць акцэнт на тэме абароны краіны, яе незалежнасьці. Бо, па-першае, украінскі крызіс моцна актуалізаваў гэтую тэму. Па-другое, ва ўмовах вострых сацыяльна-эканамічных праблем выкарыстоўвае такі паліттэхналягічны прыём. Паколькі ён ня ў стане забясьпечыць краіне разьвіцьцё, насельніцтву — рост узроўню жыцьця, то трэба памяняць сыстэму каардынатаў, шкалу ацэнкі, індыкатар ступені дзеяздольнасьці ўлады. Цяпер грамадзтва павінна дзякаваць палітычнаму кіраўніцтву толькі за мір.
Але адсутнасьць вайны, сам факт існаваньня незалежнасьці ўлада прыпісала сабе ў актыў. І настойліва прапануе грамадзтву ёй за гэта дзякаваць, кланяцца і нічога больш не патрабаваць. Ні працы, ні нармальных заробкаў і пэнсіяў, ні свабоды і дэмакратыі. Жывыя — і дзякуй Богу і прэзыдэнту.
Другі момант. Лукашэнка заўсёды прагаворвае тое, што ў яго цяпер баліць. А баліць у яго канфлікт з Расеяй. Я тут згодны з Юрыем Дракахрустам. Байкот самітаў інтэграцыйных аб’яднаньняў — гэта прыкмета вельмі вострай стадыі беларуска-расейскага канфлікту.
Прычым, гледзячы па ўсім, адбываецца ягоная эскаляцыя. Масква пакуль рэагуе на адмову Лукашэнкі падпісаць Мытны кодэкс зусім ня так, як разьлічваў беларускі кіраўнік. Вось сёньня інфармаваная расейская газэта «Коммерсант» паведамляе, што Расея яшчэ скарачае пастаўкі нафты Беларусі ў першым квартале. Беларусь атрымае ў першыя тры месяцы новага году толькі 4 млн т. У гадавым вымярэньні — гэта 16 млн т. Нагадаю, што летась Расія абавязалася паставіць 24 млн т. Скарачэньне вельмі значнае. І гэта моцны ўдар па беларускай эканоміцы, бюджэту і валютных рэзэрвах.
Таму заява Лукашэнкі адлюстроўвае ягоны псыхалягічны стан. І ён выяўляецца ў такі сьвяты дзень.
Грузьдзіловіч: Цалкам згодны з тым, што заява, якую зрабіў Аляксандар Лукашэнка — гэта найперш словы на адрас Масквы, а ня Захаду, і што прычынай была якраз, відаць, інфармацыя пра тое, што чакаецца скарачэньне паставак нафты. На стол Лукашэнкі такія зьвесткі маглі патрапіць якраз напярэдадні праваслаўнага Раства.
Але я хацеў бы дадаць такую рэч, што словы ўсё ж такі адрасаваныя ня толькі Маскве, як раней яны больш адрасоўваліся Захаду або нейкаму іншаму рэгіёну, але таксама найперш гэта адрасавана беларускаму народу.
Лукашэнка ня першы раз прыходзіць у царкву і выступае там ня проста як палітык, але надзяваючы строй духоўнага лідэра. Ці прымераць хаця б. Фактычна што ён сказаў? Ён жа не назваў ні хто гэта, ні адкуль гэтая пагроза, але выразна сказаў, што нехта зьбіраецца Беларусь зноў «нахіліць», зноў падпарадкаваць, і тут беларусы могуць думаць пра гэта што заўгодна, што каму бліжэй.
Ён добра разумее, што тая публіка, якая знаходзіцца пад уплывам расейскай тэлевізійнай прапаганды, будзе думаць, што Лукашэнка далучаецца да антызаходняй антыамэрыканскай рыторыкі Крамля. І гэтая публіка будзе вітаць такія заявы, тым больш што ўвесь час яны чуюць праз расейскае тэлебачаньне такія заклікі аб’ядноўвацца, змагацца і не саступаць Захаду і ЗША.
Тыя, хто чакае ад Лукашэнкі наадварот антырасейскіх заяваў, пачуюць гэты выступ па-свойму. І скажуць — ну нарэшце да яго дайшло, адкуль сапраўдная пагроза.
Насамрэч для Лукашэнкі галоўная мэта — аб’яднаць Беларусь вакол сябе, і адных, і другіх. На падыходзе вялікія праблемы, і эканамічныя, і палітычныя, і іншыя. І Лукашэнка спрабуе замацаваць за сабой пазыцыю ня толькі палітыка, які аб’ядноўвае народ у гэты цяжкі час, але і духоўнага лідэра. І таму менавіта ў царкве ён гэтыя словы сказаў, якія нас усіх узрушылі.