Лайфхак беларускамоўным. Як замест трох раскладак клявіятуры мець дзьве

Беларускамоўныя беларусы звычайна маюць на кампутарах і тэлефонах тры раскладкі клявіятуры: беларускую, расейскую і ангельскую. Некаторыя ўсталёўваюць і болей — дадаюць у сьпіс польскую, украінскую або іншыя раскладкі.

Але ёсьць спосаб зьменшыць колькасьць раскладак, каб не націскаць лішні раз камбінацыю клявішаў для зьмены мовы. Існуюць адмысловыя раскладкі, у якіх камбінуюцца літары з розных моваў: напрыклад, унівэрсальная кірылічная — для беларускай, расейскай і ўкраінскай моваў, унівэрсальная лацінкавая — для ангельскай і польскай моваў, беларускай лацінкі.

Такія раскладкі можна ўсталёўваць на настольных апэрацыйных сыстэмах Windows, Linux і MacOS, а таксама на мабільнай Android (але не на iOS). На мабільнай Windows Phone такая раскладка ёсьць па змаўчаньні. Калі вы яшчэ ня маеце беларускай раскладкі на тэлефоне, глядзіце тут, як яе ўсталяваць.

Windows

Для Windows можна абраць два варыянты з кірыліцай: або беларуская раскладка з расейскімі і ўкраінскімі літарамі ў якасьці альтэрнатывы, або расейская раскладка зь беларускімі літарамі.

Раскладка Belarusian Typo, якую можна спампаваць з zedlik.com, — пашыраная беларуская. Гэта значыць, каб набраць літары Ґ, Щ, И, Ъ альбо Ї, трэба будзе заціснуць правы Alt і націснуць, адпаведна, Г, Ў, І, апостраф альбо Й (каб набраць вялікую літару, заціскаць трэба правы Alt і любы Shift). Калі спампуеце zip-файл, распакуйце зьмесьціва ў любое месца і запусьціце файл install_betypo.exe.

На тым жа сайце можна спампаваць аж дзьве пашыраныя раскладкі беларускай лацінкі: Belarusian Latin Custom і Belarusian Typo. Яны адрозьніваюцца толькі тым, што ў першай трэба націскаць правы Alt і дадатковую кнопку, каб набраць Ž, Ś, Ł ці Ŭ, а ў другой — кнопкі знакаў прыпынку кшталту «мінуса» ці «кропкі з коскай». Лацінкавую раскладку зь беларускімі і літоўскімі літарамі пад назвай Keyboard Lithuaniae 1009-2009 можна сьцягнуць адсюль.

Раскладка RuBe, якую можна ўзяць на spampavac.by, — пашыраная расейская зь беларускімі літарамі (украінскай Ї у ёй няма). Па змаўчаньні ў ёй друкуюцца, наадварот, Г, Щ, И і Ъ, а з заціснутым правым Alt — Ґ, Ў, І і апостраф. Каб усталяваць раскладку, распакуйце ў любое месца спампаваны zip-файл і запусьціце setup.exe.

Усталявалі ўнівэрсальную раскладку — цяпер падключаем. У Windows 10 і 8 клікайце левай кнопкай мышы на пераключальнік моваў (звычайна побач з гадзіньнікам зьнізу справа), абірайце «Налады мовы», там абірайце мову, на якую хочаце ўсталяваць унівэрсальную раскладку (напрыклад, беларускую), націскайце «Парамэтры», далей «Дадаць клявіятуру» і шукайце назву адпаведнай раскладкі (напрыклад, Belarusian Typo). Потым у сьпісе раскладак мовы выбірайце лішнюю, націскайце «Выдаліць». А потым выдаляеце лішнія мовы. Усё, «ОК» і перазагружайце кампутар.

У ранейшых вэрсіях Windows на кнопку выбару мовы трэба націскаць ужо правай кнопкай мышы, абіраць «Парамэтры», побач са сьпісам раскладак націскаць «Дадаць», абіраць беларускую мову (альбо ангельскую, калі ўсталёўваеце лацінкавую раскладку) і адпаведную раскладку, націскаць ОК. І далей выдаляць непатрэбныя раскладкі і перазагружаць кампутар.

Для Windows ёсьць і афіцыйная праграма, каб ствараць уласныя раскладкі клявіятуры. Microsoft Keyboard Layout Creator, якую можна сьцягнуць з сайта Microsoft, дапаможа зрабіць, напрыклад, беларуска-сэрбскую раскладку. Альбо раскладку, адпаведную прапановам Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 году — гл. артыкул Свабоды «Гістаричнаja пађеja».

Android

На Android ёсьць багата беларускіх клявіятураў, але далёка ня ўсе маюць беларуска-расейскія раскладкі. Мінус такіх раскладак — у іх ня будзе слоўніка для хуткага набору і аўтавыпраўленьня пад адну ці абедзьве мовы.

Для AnySoftKeyboard як асобную праграму набор беларускіх раскладак. Там будзе і звычайная беларуская раскладка, і «Беларуская друкарская» (кірыліца), і «Biełaruskaja drukarskaja» (лацінка). Іх пасьля ўсталёўкі можна будзе ўключыць праз Сыстэмныя налады — Мовы і клявіятуры — AnysoftKeyboard — левае мэню — Клявіятуры. Каб набраць, напрыклад, Щ у кірылічнай раскладцы, трэба будзе доўга заціснуць Ў, а каб Ł у лацінкавай — доўга заціснуць L.

А стварыць сваю ўласную раскладку (скажам, расейскую з украінскімі літарамі) можна, напрыклад, у Multiling O Keyboard. Калі ўсталюеце яе і ўключыце згодна з інструкцыямі, якія дае сама праграма, націсьніце на прабел і, не адпускаючы палец, навядзіце на «Layouts», абярыце «DIY» і кіруйцеся інструкцыямі на экране.

На Windows Phone стандартная беларуская раскладка клявіятуры ўжо мае функцыі, падобныя да друкарскіх раскладак AnySoftKeyboard.

Linux і MacOS

Гатовых беларуска-расейскіх альбо расейска-беларускіх раскладак для Linux і MacOS знайсьці ў адкрытым доступе не ўдалося. Але іх можна зрабіць самастойна.

Карыстальнікі Linux (якім не прывыкаць рабіць усё сваімі рукамі) могуць адрэдагаваць канфігурацыйныя файлы раскладак. Звычайна такія файлы знаходзяцца па адрасе /usr/share/X11/xkb/symbols/. Падрабязная інструкцыя па-расейску ёсьць тут.

Карыстальнікі ж MacOS могуць скарыстацца зручнай праграмай з графічным інтэрфэйсам — Ukulele, якую можна бясплатна спампаваць адсюль. Інструкцыя па-расейску ёсьць тут.

P.S. Ведаеце, як зрабіць унівэрсальную раскладку на iPhone? Маеце гатовыя альтэрнатыўныя раскладкі? Напішыце пра гэта ў камэнтарах!