Галоўныя пэрсанажы — Каза, Мядзьведзь, Павадыр
Марозны вечар ахутвае вёску. А ў бабулінай хаце адной з талаковак паўтара дзясятка хлопцаў, дзяўчат ды маладзіц зь дзецьмі, паспытаўшы куцьці й самаробнага квасу, прыбіраюцца ў строі сьвяточных пэрсанажаў.
Your browser doesn’t support HTML5
Маршалак «Талакі» Пятро Цалка нацягвае кажух, шапку-аблавух, падпяразваецца тканым поясам — ён павадыр Казы. Ягоны зычны голас, жарты-прымаўкі прымушаюць варушыцца ўсіх астатніх.
Маску Казы прымярае невысокага росту маладзіца Марыя Ганькіна. На ёй таксама кажух, вывернуты сьветлай воўнай наверх. Зьміцер Якаўцаў, апрануўшы доўгае жаночае футра і адпаведную маску, пераўвасабляецца ў Мядзьведзя. Дзяўчаты завязваюць дадаткова вялікія хусткі-шаліноўкі — так квяцісьцей й значна цяплей.
Праз колькі хвілінаў у гурце зьяўляюцца Зорканоша, Нячысьцік, Механоша, Рахункавод — і талакоўцы з абагрэтай вясковай хаты высыпаюць на вуліцу.
Паехала Каляда дый гуляючы
Рыпіць пад нагамі сьнег, марознае паветра студзіць твар. Але каляднага настрою талакоўцам пазычаць ня трэба. Вухкае бубянец, вызвоньваюць пад ягоным вобадам латунныя талерачкі. Шматгалосы сьпеў разрывае марозны вечар:
Паехала Каляда калядуючы,
Паехала Каляда дый гуляючы.
Калі на шляху ў хаце сьвятло, талакоўцы грукаюць у весьнічкі. Зычны голас Павадыра абуджае прыціхлы двор:
«Пані гаспадыня, дазвольце калядаваць ці так каляду даць!»
Хтосьці зь вяскоўцаў выходзіць на падворак, хтосьці наагул не рэагуе на заклікі, але бальшыня запрашае ў хату: у цяпле не на марозе — і падзівіцца на калядоўшчыкаў лацьвей, і паслухаць.
Прыйшла Каляда ўвечары,
Прынясла пірагі ў рэшаце.
Павадыр, атрымаўшы дазвол, запрашае Казу:
«Ой, заходзь, козачка, нас тут вітаюць ды сустракаюць!»
Тая, прытанцоўваючы, выходзіць наперад. Гурт хорам пяе:
Го-го-го, каза, го-го-го, шэра!
Каза, вядома, багата дзе хадзіла, стамілася: брык — і ляжыць пасярод хаты. Павадыр падае перад ёй на калені, прыгаворваючы:
«Вой, што ж з маёй козачкай стала? Вой, здохла-прапала! Казе маёй шмат ня трэба — тры боханы хлеба, кавалачак сала, каб каза ўстала. Ды тры аладкі, каб бакі былі гладкі. І яшчэ піражочкі казе на ражочкі».
Пакуль маладзіца з сынам імкнуцца дапамагчы казе, гаспадыня падрыхтавала ўжо пачастунак.
«Козачка падымаецца, а мяшок напаўняецца», — абвяшчае Павадыр. Гурт тым часам сьпявае:
Устала каза, устала шэра.
Ну-ка, козачка, расхадзіся,
Гаспадару з гаспадыняй пакланіся.
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.
Дзе каза бывае —
Там шчасьце вітае.
Грамада весела высыпае з хаты, кіруецца ў двухпавярховікі на вуліцы Новай. А павесялелая гаспадыня, якая назвалася Любоўю Пятроўнай, расчулена заўважае:
«Малайцы, проста малайцы! Спадабалася. Цяпер у жыцьці радасьці ня так шмат, а тут нібы сонца засьвяціла».
Сяды-тады калядоўшчыкі выклікаюць наперад Мядзьведзя, нахвальваючы яго: «Мядзьведзь наш вучоны, у Смаргоні мядзьведжую акадэмію скончыў!»
Касалапы з гучным рыкам таксама пачынае танчыць, перавальвацца з нагі на нагу. Бачачы высокую касматую постаць, малыя дзеці, бывае, туляцца да мацярок.
«То давайце ўжо мядзьведзя ў лес адпусьцім, хай там калядуе», — улагоджвае сытуацыю Павадыр, і Мядзьведзь адступае ў заднія шэрагі.
Гаспадарам усе гуртам зычаць шчасьця, дабрабыту, жадаюць і ў новую зіму здаровымі й вясёлымі сустракаць Каляды.
Час эмацыйнага ўздыму
Калі калядаваць, залежыць ад рэгіёну. Павадыр Казы, маршалак «Талакі», а ў штодзённым жыцьці супрацоўнік гомельскага філіялу Веткаўскага музэю стараабрадніцтва й беларускіх традыцыяў Пётра Цалка заўважае, што ў Лельчыцкім раёне, адкуль ён родам, а таксама у суседнім Жыткавіцкім, найчасьцей калядуюць 7 студзеня. Бывае, праўда, і 13 студзеня, але ня так часта. У Падняпроўі, Пасожжы гэта робіцца пераважна ў Шчодры вечар, на Багатую куцьцю, гэта значыць з 13 на 14 студзеня. У традыцыі беларусаў калядаваць да 19 студзеня, ад Першай куцьці да Вадзяной, да Вадохрышча.
«У Беларусі Каляды — гэта такі шырокі пэрыяд сьвятаў, — дадае Цалка. — Нельга было працаваць. Народ мусіў эмацыйна ўзьняцца. Людзі ўспрымалі гэты час як звышнатуральны. Што ў цябе на стале, тое ўродзіць і на полі. Што калядоўшчыкі пажадаюць, тое й будзе цэлы год. Таму песьні ды зычэньні ў большасьці зьвязаныя з добрым ураджаем, сям’ёй, дзеткамі, а цяпер — і з грашыма. Наагул, гэта сьветлы час для беларуса, калі трэба сьвяткаваць, хадзіць у госьці, дзяліцца шчасьцем».
Нездарма ж у народнай песьні пяецца: «Дзе каза не бывае, там шчасьце мінае».