Яго вядуць, паводле словаў Дональда Трампа, яго палітычныя праціўнікі, якія знаходзяцца ў разгубленасьці ў выніку яго перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году.
У інтэрвію газэце The New York Times, якое зьявілася ў пятніцу за некалькі гадзін да сустрэчы Трампа з кіраўнікамі амэрыканскіх выведных службаў, абраны прэзыдэнт паскардзіўся на празьмерную ўвагу, якая, на яго думку, надаецца расейскім кібэратакам ў ЗША. Падобнага ўзроўню публічнай увагі не выклікалі, напрыклад, дзеяньні кітайскіх хакераў, якія ўзломвалі амэрыканскія кампутарныя сеткі, кажа Дональд Трамп: «Чаму ніхто не гаворыць пра гэта? Гэта палітычная паляваньне на ведзьмаў».
Пры гэтым Трамп падкрэсьліў, што ён ня хоча, каб ЗША былі аб’ектам кібэратакі: «Яны ўзломвалі сеткі Белага дому, Кангрэсу. Мы сталі сусьветнай сталіцай хакерства».
Дональд Трамп заявіў, што ён зь нецярплівасьцю чакае сустрэчы з кіраўнікамі амэрыканскай выведкі, на якой яму павінны быць прадстаўлены зьвесткі пра расейскія кібэратакі ў ЗША.