Абаронца «Регнума» вінаваціць актывіста АГП у абразе прэзыдэнта

Дзяніс Рабянок

5 студзеня грамадзкага актывіста з Калінкавічаў Дзяніса Рабянка апытаў участковы міліцыянт з нагоды заявы жыхара пасёлка Мачулішчы Менскага раёну Вячаслава Сафронава пра тое, што ў публікацыях актывіста ў сацыяльных сетках прысутнічаюць прыкметы абразы кіраўніка краіны.

Заява Сафронава фальшывая, — Рабянок

«Прыходзіў участковы, — расказаў Рабянок, — паказаў заяву гэтага Сафронава, перасланую з Генэральнай пракуратуры. Ён там піша, што чытае мой акаўнт у сацыяльнай сетцы „ЎКантакце“, дзе я нібыта абражаю гонар і годнасьць кіраўніка краіны і вышэйшых службовых асобаў (праўда, не называе якіх). Ну і, вядома, патрабуе прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасьці паводле шэрагу артыкулаў. Заява напісана па-расейску, а прозьвішча маё па-беларуску, але скажона. Пры гэтым Сафронаў прыводзіць нейкія выказваньні зь невядома якіх акаўнтаў, напісаных на беларускі манер расейскімі літарамі».

Сафронаў прыводзіць нейкія выказваньні зь невядома якіх акаўнтаў, напісаных на беларускі манер расейскімі літарамі. Наколькі я пасьпеў заўважыць, у заяве зьмяшчаецца толькі адна мая сапраўдная цытата.

Дзяніс тлумачыць, што зьяўляецца сябрам апазыцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі, крытычна ацэньвае дзейнасьць прэзыдэнта і ўраду, але не апускаецца да абразаў узору Сафронава, вядомага ў сеціве сваімі антыбеларускімі й антысэміцкімі выказваньнямі.

«Наколькі я пасьпеў заўважыць, у заяве зьмяшчаецца толькі адна мая сапраўдная цытата, калі я прыводзіў адказ зь Міністэрства інфармацыі наконт маёй заявы пра артыкулы Алы Бронь на расейскім партале „Регнум“. Я зрабіў скан і прыпісаў да яго, што „калі ўлада нічога ня будзе рабіць з такімі беларусафобамі, якія заклікаюць зьнішчыць Беларусь як самастойную дзяржаву, то, значыць, яна ляжыць пад Крамлём“. Што напісана на іншых фэйкавых старонках, я ня ведаю», — тлумачыць грамадзкі актывіст.

Гэта рэакцыя «русского мира»

Дзяніс кажа, што цяпер на сто адсоткаў упэўнены, што выпад Сафронава — гэта рэакцыя імпэрцаў, так званых прадстаўнікоў «русского мира», на ягоную заяву ў пракуратуру пра антыбеларускія публікацыі парталу «Регнум» з той толькі розьніцай, што згадваў ён у заяве толькі аднаго аўтара, а беларускія праваахоўнікі арыштавалі трох.

Калінкавіцкаму актывісту беларускія карыстальнікі сеціва паведамілі ў «Фэйсбуку», што Вячаслаў Сафронаў ад кастрычніка публікуе супраць яго розныя непрыстойнасьці, пагражаючы адначасна, што гэтым актывістам трэба заняцца.

Быў і артыкул шэф-рэдактара «Регнума» Юрыя Баранчыка ў сувязі са зваротам Дзяніса Рабянка ў пракуратуру, якая пераслала яго ў Міністэрства інфармацыі: шэф-рэдактар назваў зварот «даносам», а рэакцыю беларускага афіцыйнага боку на антыбеларускія публікацыі — «1937 годам у выкананьні беларускіх уладаў» у дачыненьні журналістаў «Регнума».

Дзяніс Рабянок адным зь першых зьвярнуў увагу на ксэнафобскія закіды аўтараў «Регнума» . Яшчэ ў кастрычніку ён даслаў ліст генэральнаму пракурору, у якім зазначыў, што допісы ў «Регнуме» закранаюць гонар беларускай нацыі, нашу незалежнасьць, пытаньне выжываньня нашай дзяржавы: «Нельга цярпець такое: у нас нібыта «недадзяржава», а ўсе, хто размаўляе на беларускай мове, гэта «русафобы», «недаразьвітыя». І мова наша быццам бы «дыялект расейскай», а адраджаюць яе «недабітыя паліцаі ды іхныя ўнукі».

Уся гэтая валтузьня ўкладваецца ў канцэпцыю прасоўваньня «рускага сьвету» на прасторы былога Саюзу. Выглядае, нас зноў хочуць загнаць у «турму народаў», як называў Расею Ленін.

«Уся гэтая валтузьня, — лічыць Дзяніс Рабянок, — укладваецца ў канцэпцыю прасоўваньня «рускага сьвету» на прасторы былога Саюзу. Выглядае, нас зноў хочуць загнаць у «турму народаў», як называў Расею Ўладзімер Ульянаў (Ленін). Вунь і дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, генэрал-лейтэнант Леанід Рашэтнікаў таксама сьцьвярджае, што беларуская мова была створаная ў 1926 годзе пастановай ЦК ВКП(б), а беларуская дзяржава несамастойная і не павінна парушаць «прыродную» сувязь з Расеяй. І калі ў адказ з боку Беларусі пайшло заканамернае абурэньне, «глыбока адстаўны генэрал», нібы інстытутка, стаў зьдзіўляцца: «Адумайцеся, таварышы». Такому хочацца адказаць менавіта расейскай жа прымаўкай: «Тамбоўскі воўк табе таварыш!»

Грамадзкі актывіст з Калінкавічаў не падзяляе думкі і тых беларусаў, якія ня бачаць у выказваньнях «беларусафобскіх» аўтараў распальваньня міжнацыянальнай варожасьці і крымінальную справу супраць іх лічаць «празьмерным умяшаньнем дзяржавы ў свабоду выказваньняў і думак». «Свабода слова не заключаецца ў тым, каб прапаведаваць, што нейкі народ „неданарод“, ці ён наагул не існуе, ці ён „недаразьвіты“, — заўважае Рабянок. — Гэта не свабода слова, а інфармацыйная вайна супраць Беларусі. У такім разе й Альфрэда Розэнбэрга, духоўнага бацьку нацыстаў, трэба абараняць у яго памкненьнях даказаць, што габрэі, славяне — гэта „недачалавекі“».

Случак і Стрыжак дапамагаюць Рабянку

Спадар Рабянок не выключае, што яму давядзецца падаць пазоў у суд супраць Вячаслава Сафронава за беспадстаўны ліст у пракуратуру наконт абразы кіраўніка дзяржавы. Актывіста не палохае той факт, што Сафронаў раней працаваў начальнікам аддзелу кампутарных сетак і тэхналёгіяў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце.

Дзянісу сталі дапамагаць іншыя рэгіянальныя актывісты, у прыватнасьці Ігар Случак і Андрэй Стрыжак — яны спрыяюць у змаганьні з адэптамі «русского мира».

Андрэй Стрыжак

«Найперш параілі Дзянісу юрыста, цяпер распавядаем мэдыя пра ціск на яго праз звароты ў Генэральную пракуратуру. Будзем патрабаваць, каб яму далі доступ да ўсіх матэрыялаў праверкі. Заадно паспрабуем высьветліць, чаму праваахоўныя органы не адрэагавалі на антыбеларускія і антысеміцкія выпады самога Вячаслава Сафронава. Трэба, каб грамадзкі інтарэс да беларускіх носьбітаў „русского мира“ ня згас, паколькі вядзецца мэтанакіраваны наступ на сувэрэннае існаваньне Беларусі і абаронцаў нашай незалежнасьці», — кажа Андрэй Стрыжак.

Гомельскі палітык, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, лічыць, што свабода слова не зьяўляецца абсалютным правам і мае свае абмежаваньні.

Васіль Палякоў

«У выпадку з аўтарамі „Регнума“ відаць, што яны злоўжывалі правам на свабоду выказваньня. Іншая справа, што пакараньне павінна быць адэкватным і яно мусіць адпавядаць рэальным наступствам правапарушэньня», — кажа Палякоў.

Палітык заўважае, што афіцыйныя беларускія ўлады, як бы гэта не было прыкра, цягам двух апошніх дзесяцігодзьдзяў дэманстравалі прыкладна такое ж стаўленьне да беларускай мовы і да беларускай нацыі, як і некаторыя прапагандысты «русского мира»:

«Ідзе гульня беларускага боку з кіраўніцтвам Расеі, у якой выкарыстоўваецца нацыянальны складнік».

І, як відаць з заяў адстаўнога генэрала Рашэтнікава і звароту ў пракуратуру Вячаслава Сафронава, абаронцы «русского мира» не зьбіраюцца пакуль прыпыняць гэтую гульню.