Малодшы сын кіраўніка Беларусі Мікалай Лукашэнка разам з настаўнікамі і вучнямі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы наведаў менскі дом-інтэрнат для пэнсіянэраў і інвалідаў.
Школьнікі паказалі спэктакль па матывах мультфільму «Мадагаскар». Мікалай сыграў ролю льва Алекса.
Таксама Мікалай прывёз малако і тварог з падворку кіраўніка краіны, паведамляе тэлеканал «Беларусь 1».
«Гэта наша свойская прадукцыя, мы гатуем з уласнага малака тварог, сьмятану і ўсе малочныя прадукты. Вось вам прывезьлі малако, тварог», — сказаў сын кіраўніка Беларусі.
«Дзякуй, Коля, будзем каштаваць», — сказалі жыхаркі інтэрнату.
«Калі спадабаецца, прывязем яшчэ абавязкова», — сказаў Мікалай.
Пра гаспадарку ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта Мікалай расказаў у сваім першым інтэрвію 11-гадоваму расейскаму журналісту Яўгену Грышыну. Сюжэт пра гэта паказалі на тэлеканале «Беларусь-1» 25 сьнежня.