Беларусь будзе вітаць любыя крокі замежных партнэраў, скіраваныя на аблягчэньне або адмену візавага рэжыму. Пра гэта заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык на брыфінгу 5 студзеня.
Ён адказваў на пытаньне Свабоды, ці разьлічваюць у Менску, што краіны Шэнгенскага пагадненьня зробяць крокі ў адказ, пасьля таго як Беларусь пастанавіла ўвесьці з 1 студзеня 2017 году новыя адзіныя стаўкі консульскіх збораў за выдачу візаў:
«Мы заўсёды гатовыя і рады вітаць любыя крокі насустрач нашым чаканьням, што тычыцца палягчэньня або адмены візавага рэжыму. Але цяпер гаворка ідзе пра ініцыятывы беларускага боку. Мы праводзілі ў сябе ўніфікацыю нашых нормаў. Таму нейкіх асаблівых чаканьняў, тым больш нейкіх тэрмінаў або ўмоў, мы нікому не называлі», — сказаў Дзьмітры Мірончык.
Ад 1 студзеня 2017 году Беларусь у два з паловай разы зьменшыла цану гадавой уязной візы для грамадзян эўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону. Калі раней гадавая беларуская віза каштавала для іх 150 эўра, то цяпер індывідуальная віза, незалежна ад колькасьці ўездаў, каштуе 60 эўра, а групавая — 10 эўра з чалавека.
Яшчэ раней Беларусь вызначыла шэсьць краін, жыхары якіх атрымалі пры набыцьці беларускіх візаў асаблівы статус. Гэта Латвія, Літва, Польшча, Эстонія, грамадзянам якіх аднаразовая беларуская віза каштуе 25 эўра. А грамадзяне Японіі і Сэрбіі ў адпаведнасьці з двухбаковымі пагадненьнямі наагул вызваляюцца ад выплаты консульскага збору.
Палітоляг Алесь Лагвінец у размове са Свабодай так пракамэнтаваў гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў:
«Тое, што яны зараз зрабілі, — гэта толькі паўмера. Яна недастатковая. Трэба было ўжо даўно адважыцца на шлях Казахстану. З 1 студзеня 2017 году там наагул скасавалі ўязныя візы для грамадзянаў 34 краін, сярод якіх краіны Эўразьвязу, Канада, ЗША ды іншыя.
Я разумею, чаму нашы ўлады нарэшце зрабілі хоць паўкрока. Яны спадзяюцца, што пасьля істотнага зьмяншэньня коштаў візаў у Беларусь рынуць турысты. Паглядзім, ці атрымаецца так насамрэч.
Цяпер — ці можна чакаць ад Брусэлю захадаў у адказ? Уся бяда ў тым, што ўлады Беларусі знаходзяць усялякія адгаворкі, каб не падпісваць дамову аб спрошчаным візавым рэжыме з Эўразьвязам. Вось нядаўна цяпер ужо былая намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына вяла дыскусію, ці адпавядаюць беларускія дыпляматычныя пашпарты стандартам Эўразьвязу. Колькі ў нас чалавек маюць такія пашпарты? Зразумела, зусім няшмат.
Уладам трэба тэрмінова падпісваць пагадненьне з Эўразьвязам аб спрошчаным візавым рэжыме. І тады візы для беларусаў адразу будуць каштаваць не 60 эўра, як цяпер, а толькі 35.
Мне падаецца, Менску можна ініцыяваць яшчэ адну рэч — адмяніць аднаразовыя візы і заявіць, што любая віза ў Беларусь лічыцца шматразовай. Карацей, зрабіўшы нармальныя паўкрока, трэба не спыняцца і ісьці далей».
Перамовы з Брусэлем Менск пачаў яшчэ ўвосень 2013 году. На Віленскім саміце «Ўсходняга партнэрства» тагачасныя прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Гэрман ван Ромпэй і прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу заявілі, што Беларусь пачынае перамовы наконт падпісаньня дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам.
У сьнежні 2015 году Гунар Віганд, які ў Эўрапейскай службе зьнешніх дзеяньняў займае пасаду дырэктара дэпартамэнту Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ, паведаміў, што тэксты пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам гатовыя да парафіраваньня і падпісаньня.
28 лістапада 2016 году кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын сказала, што адбылося паседжаньне каардынацыйнай групы, на якім уздымалася пытаньне аб спрашчэньні візавага рэжыму. Бакі дамовіліся, што экспэрты маюць сустрэцца і абмеркаваць шэраг тэхнічных пытаньняў, якія затрымліваюць падпісаньне пагадненьня.